Віртуальная выстава «Непрыдуманы Шамякін. Дакументальная спадчына класіка» да 105-годдзя народнага пісьменніка

Іван Пятровіч Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 г. ў вёсцы Карма на Гомельшчыне. Свае першыя значныя празаічныя творы «Помста» і «У снежнай пустыні» напісаў падчас службы ў арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адметную ролю ў яго лёсе адыграў удзел у пасляваенным пленуме Саюза пісьменнікаў БССР, знаёмства з найбольш знакамітымі літаратарамі Беларусі. У 1949 г. апублікаваны яго раман «Глыбокая плынь», за які ў 1951 г. ён быў узнагароджаны Сталінскай прэміяй 3-й ступені. У 1972 г. І.П.Шамякін атрымаў ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі за раман «Сэрца на далоні».

 

І.П.Шамякін быў адным з найбольш паспяховых савецкіх пісьменнікаў, чые творы публікаваліся на розных мовах мільённымі тыражамі. Разам з гэтым, ён аказваў прамое ўздзеянне на інтэлектуальнае і грамадскае жыццё БССР. З 1954 г. І.П.Шамякін шмат гадоў працаваў намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў, быў рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, альманаха «Савецкая Айчына», галоўным рэдактарам ​​выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя», дэпутатам і старшынёй Вярхоўнага Савета БССР, прадстаўніком нашай краіны ў ААН.

У 1969 г. І.П.Шамякін упершыню перадаў частку сваіх дакументаў «агульнай колькасцю 100 кг» на захаванне ў Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва (у нашы дні - Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, або БДАМЛМ). Да 1996 г. ён гэта рабіў яшчэ некалькі разоў. У выніку склаўся фонд 154, які налічвае некалькі сотняў дакументаў і з'яўляецца адным з найбуйнейшых асабістых фондаў Беларусі. Фонд пісьменніка ўражвае наяўнасцю вялікай колькасці варыянтаў арыгінальных твораў. Дакументы, звязаныя з І.П.Шамякіным, таксама захоўваюцца ў іншых фондах БДАМЛМ.

Дакументальная спадчына І.П.Шамякіна - сведчанне яго жыццёвага і творчага шляху, акно ў свет мінулага. Дзякуючы ёй сучаснікі маюць магчымасць самастойнай аб'ектыўнай ацэнкі постаці пісьменніка, яго светапогляду і ўнёску ў культуру Беларусі. А яшчэ яны - выдатная крыніца для даследчыкаў, гісторыкаў і літаратуразнаўцаў.

Д.С. Самахвалаў, вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ

Віртуальная выстава «Непрыдуманы Шамякін. Дакументальная спадчына класіка» да 105-годдзя народнага пісьменніка