Усё гэта можна прачытаць у сродках масавай інфармацыі пра аднаго і таго ж чалавека — паэта і грамадскага дзеяча Міхася Васілька (сапраўднае імя Міхаіл Восіпавіч Касцевіч; 1905—1960 гг.). Для супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва яго імя заўсёды мела асаблівае значэнне. Асабістыя дакументы паэта склалі адзін з першых (№2) фондаў нашай установы і такім чынам непарыўна звязаны з яе першаснай гісторыяй. У дзень яго 120-годдзя, 14 лістапада 2025 г., мы з гонарам прадстаўляем унікальныя архіўныя дакументы, што раскрываюць вехі яго жыцця і творчасці.
Міхась Васілёк нарадзіўся ў вёсцы Баброўня Гродзенскай губерніі. Яго сям'я паходзіла з сялянскага саслоўя, але не была тыпова сялянскай. Бацька працаваў лесніком, быў пісьменным. Чытаць і пісаць маленькі Міхась навучыўся яшчэ да школы, дома. Родны дзядзька Макар настаўнічаў, быў прыхільнікам беларускага адраджэння. Пазней, у 1919 г. ён стаў аўтарам знакамітага беларускага «Ваяцкага марша».
У 1915 г. з-за падзей I Сусветнай вайны сям'я Касцевічаў стала бежанцамі. Спачатку пераехалі ў Казанскую губернію, у 1918 г. — у горад Казлоў (у нашы дні Мічурынск) Тамбоўскай губерніі. Тут Міхась працаваў на чыгунцы і ў 1921 г. скончыў школу, пра што кажа выдадзенае яму пасведчанне, захоўваемае ў архіве-музеі. У 1922 г. ён разам з бацькам вярнуўся на радзіму. Былая Гродзенская губернія ўвайшла ў межы Польшчы. Беларусы, якія складалі ў ёй большасць насельніцтва, ператварыліся ў прыгнечаную нацыянальную меншасць. Гэта аказала моцны ўплыў на Міхася. Да верасня 1939 г. яго лёс быў непарыўна звязаны з барацьбою за свае нацыянальныя і сацыяльныя правы.
Найбольш раннія вершы Міхася Васілька, захаваныя ў яго фондзе, адносяцца да 1925 г. Але першыя надрукаваныя з'явіліся толькі ў 1926 г., калі малады чалавек заняў пасаду літсупрацоўніка сатырычнага часопіса «Маланка». Яго раннія творы ў пэўнай ступені выяўляюць адрозненні заходнебеларускай паэзіі ад савецкай. Падобна маладым літаратарам з БССР Міхась Васілёк дэманстраваў рэвалюцыйны настрой, аднак не эксперыментаваў, абапіраўся на класічную рыфму, у яго вершах абавязкова прысутнічае лірычнасць. Здаецца, кожны з іх пісаўся як песня. Выдатны прыклад — верш «Я ранне бачыў» (1927). Ён быццам бы апавядае пра замілаванне паэта прыроднай з'явай, і толькі ў апошніх радках узвышаны настрой пераносіцца з прыроды на грамадства.
У 1929 г. выдавецтва Рыгора Шырмы выдала зборнік яго вершаў «Шум баравы», але ўвесь наклад амаль адразу быў арыштаваны паліцыяй і знішчаны. У доме маладога літаратара адбываліся вобыскі, яму прыйшлося пазнаёміцца з турэмнымі засценкамі. Тым не меней, ён не скарыўся і працягваў сваю творчую і палітычную дзейнасць. У 1937 г. выдавецтва Р.Шырмы выдала другі зборнік вершаў Міхася Васілька «З сялянскіх ніў».
У пачатку II Сусветнай вайны Міхась Васілёк быў прызваны ў польскую армію. У адным з першых баёў трапіў у палон да немцаў. Згодна яго афіцыйнай біяграфіі, у жніўні 1941 г. уцёк з палону і вярнуўся на радзіму, дзе ўзначаліў падпольны Скідзельскі антыфашысцкі камітэт. Ён супрацоўнічаў з падпольнымі газетамі «Чырвоны сцяг» і «Беластоцкая праўда», у якіх публікаваўся пад псеўданімам Язэп Гром. З красавіка 1943 г. да ліпеня 1944 г. знаходзіўся ў партызанскім атрадзе імя Чапаева.
Пасля вызвалення Беларусі працаваў у скідзельскай газеце «Чырвоная змена». У красавіку 1946 г. нечакана пакінуў пасаду і некалькі гадоў «займаўся творчай дзейнасцю». Па ўспамінах сучаснікаў, ён наведваў масавыя мерапрыемствы і чытаў свае вершы перад слухачамі. Некаторыя сатырычныя творы «польскага» перыяду карысталіся вялікай папулярнасцю сярод працоўных.
У красавіку 1947 г. «Гродзенская праўда» аддала ўсю сваю «Літаратурную старонку» вершам паэта. У 1949 г. Міхась Васілёк стаў літкансультантам дадзенага выдання. На гэтай пасадзе ён папярэднічаў Васілю Быкаву. Пазней Васіль Уладзіміравіч цёпла ўзгадваў яго як аднога з дзеячоў, хто адчыніў перад ім шлях у літаратуру.
У пасляваенны перыяд выйшлі чатыры зборы паэзіі Міхася Васілька. Два — пры жыцці (1950, 1955) і два — ўжо пасля смерці (1963, 1973). У пасляваенных вершах тэму барацьбы выціскаюць перажыванне вопыту ваенных ліхалеццяў і імклівая трасфармацыя грамадства. Несумненна, ён быў прыхільнікам сацыялістычных пераўтварэнняў, вітаў калгасы, але не апяваў савецкіх кіраўнікоў і ў працэсе змен заўважаў пэўныя перакосы, на якія рэагіраваў сатырай. Паэт вёў вельмі сціплы лад жыцця, разам з сям'ёй жыў у Гродна ў звычайным камунальным драўляным доме дарэвалюцыйнай пабудовы. Сучаснікі прыгадвалі яго простасць і шчырасць. Нягледзячы на хваробу, ён працягваў сустракацца з працоўнымі калектывамі, узначальваў літаратурны гурток пры «Гродзенскай праўдзе».
Улады БССР не вельмі дбалі пра творцу, які шмат зрабіў для аб'яднання Беларусі. Першую значную ўзнагароду — Ганаровую грамату ён атрымаў у 1958 г. ад Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР «за заслугі ў справе папулярызацыі літоўскай савецкай літаратуры ў Беларусі».
Нарэшце, 1 чэрвеня 1960 г. за тры месяцы да сваёй смерці Міхась Васілёк быў адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР «за актыўны ўдзел і поспехі ў развіцці мастацкай самадзейнасці ў калгасах і саўгасах рэспублікі».
Было б не верна падзяляць думку, быццам бы ў нашы дні Міхась Васілёк ператварыўся ў «забыты голас». Памяць пра яго захоўваюць назва вуліцы ў Гродна, народны краязнаўчы музей у Скідзелі. Асабісты фонд Міхася Васілька ў нашым архіве-музеі прыцягвае да сябе даследчыкаў, літаратараў і журналістаў. Спадзяемся, што наша віртуальная выстава зробіць свой унёсак у скарбонку памяці і пашырыць уяўленні пра гэтага таленавітага майстра слова сярод усіх тых, хто цікавіцца гісторыяй культуры нашай Бацькоўшчыны.
Дзмітрый Самахвалаў,
кандыдат гістарычных навук
вядучы навуковы супрацоўнік
аддзела інфармацыі, публікацыі
і выкарыстання дакументаў
Беларускага дзяржаўнага архіва-музея
літаратуры і мастацтва

