На прыкладзе гэтай часткі збораў архіва-музея можна прасачыць адметнасці развіцця кінастудыі “Беларусьфільм” ў цэлым. Адзін са знакавых перыядаў кінастудыі, у тым ліку і для дзіцячага кінематографа, – 1960-1980-я гг. – змястоўна прадстаўлены ў фондзе №112 “Кінастудыя Беларусьфільм”, што захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
Дакументы мастацкіх, тэлевізійных, мультыплікацыйных фільмаў (літаратурныя і рэжысёрскія сцэнары, справы фільмаў, генеральныя каштарысы, альбомы фотапроб, пратаколы мастацкіх саветаў і мн. інш.) дазваляюць азнаёміцца са складаным працэсам вытворчасці фільмаў для самай патрабавальнай аўдыторыі – дзяцей і падлеткаў. Шчырыя намаганні рэжысёраў і здымачных груп стварыць сапраўды цікавае і пазнавальнае кіно для дзяцей (напрыклад, “з музыкай, роварамі, пагонямі, газіроўкай, марожаным, клоўнамі і мядзведзямі, з бегатнёй, пабітымі каленкамі, цікаўнымі вачыма і, зразумела, вясёлымі песнямі” паводле Дз. Драгунскага) зафіксаваны ў шматлікіх дакументах фонда №112 “Кінастудыя Беларусьфільм”.
Выстава “Беларусьфільм” пра дзяцей і для дзяцей” даступна для прагляду ў чытальнай зале БДАМЛМ, 1 паверх.