Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва запрашае наведаць выставу “Акцёрская сям’я Уладамірскіх”, прысвечаную юбілярам гэтага года – Уладзіміру Іосіфавічу (1893 г. нар.) і Барысу Уладзіміравічу ( 1923 г. нар.) Уладамірскім.
На выставе прадстаўлены дакументы сямейнага фонду Уладамірскіх (№229) – фотаздымкі, тэксты роляў, малюнкі, дзённікавыя запісы, ліставанні, біяграфічныя выпіскі, узнагароды і мн. інш. У фокусе ўвагі – тэма моцных сямейных узаемаадносін некалькіх пакаленняў Уладамірскіх – дынастыі абаяльных і таленавітых акцёраў. Жыццёвыя перыпетыі ў гісторыі гэтай сям’і з’яўляюцца адлюстраваннем тытанічных разломаў ХХ стагоддзя ў лёсе цэлага народа. Бацька – Сын – Унук. Іх творчыя і любячыя жанчыны. Светлыя твары глядзяць з фотаздымкаў у сучаснасць.
Якімі пяшчотнымі словамі звярталіся наўзаем у лістах і вершах, пра што думалі і марылі, як шукалі адно аднаго ў Першую і Другую сусветную вайну, як трывалі несправядлівасць і бераглі сваё каханне, як тэатральная сцэна ратавала ад адчаю і станавілася прычынаю пакут… Арыгінальныя дакументы з фондаў БДАМЛМ запрашаюць да роздуму над гэтымі і іншымі пытаннямі.