Чалавек палымянага сэрца

Выстава да 120-годдзя Любові Мазалеўскай

Да 120-годдзя рэжысёра, педагога, актрысы, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Любові Іванаўны Мазалеўскай (1903-1964), у Год міру і стварэння, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва падрыхтаваў дакументальную выставу “Чалавек палымянага сэрца”.

Творчая дзейнасць Л. І. Мазалеўскай з’яўляецца адметнай старонкай у станаўленні беларускага тэатра і гісторыі развіцця нацыянальнага сцэнічнага мастацтва. Назва выставы “Чалавек палымянага сэрца” паўтарае думку стваральнікаў тэлефільма, прысвечанага 70-годдзю Любові Іванаўны, калі яе не было ўжо сярод удзячных сяброў, вучняў і калег. Напісаны адным з яе вучняў, мастацтвазнаўцам С. Пятровічам, сцэнар фільма становіцца асновай рэтраспекцыі жыцця і шматлікіх дасягненняў Л. Мазалеўскай – разнапланавай актрысы беларускага тэатра і кіно, выдатнага рэжысёра, стваральніка Тэатра юнага гледача, таленавітага педагога. Шчырасці і непасрэднасці выставе надаюць сямейныя і творчыя фотаздымкі з вядомым акцёрам Паўлам Малчанавым, а таксама ліставанне з сяброўкай маладосці, актрысай Таццянай Бандарчык, якое жанчыны падтрымлівалі ўсё жыццё.

Дакументы з фондаў архіва-музея, прадстаўленыя на выставе, адлюстроўваюць не толькі асноўныя перыяды жыцця і творчасці Л. Мазалеўскай, але, што найбольш важна, – прызнанне яе таленту і майстэрства сярод калег, вучняў і сяброў, грамадства.

Праца Любові Іванаўны ў тэатры прыносіла як радасць стварэння, так і шматлікія творчыя і асабістыя перажыванні. Фотаздымкі, лісты і ўспаміны артыстаў, рабочыя пратаколы і сцэнары з рэжысёрскімі пазнакамі, праграмкі з натхнёнымі і жартоўнымі надпісамі ўдзельнікаў спектаклей, хвалебныя газетныя артыкулы і крытычныя рэцэнзіі, граматы і віншаванні – усе гэтыя дакументы, прадстаўленыя на выставе, праліваюць святло на нялёгкі шлях да поспеху і прызнання творчай асобы Любові Іванаўны Мазалеўскай.

Выстава працуе ў чытальнай зале архіва-музея.

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://bdamlm.by/ru/vystavy/ekspanuyutstsa/arkhiu/item/1375-chalavek-palymyanaga-sertsa#sigProId679b25d2a1