Знакаміты беларускі сатырык, драматург, грамадскі дзеяч Кандрат Крапіва (сапр. Атраховіч Кандрат Кандратавіч) нарадзіўся 5 сакавіка 1896 г. у сялянскай сям’і ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Вучыўся будучы пісьменнік у царкоўна-прыходскай школе ў в. Нізок, Уздзенскім народным вучылішчы, Стаўбцоўскім і Койданаўскім чатырохкласных гарадскіх вучылішчах. Працаваў настаўнікам у земскім народным вучылішчы ў в. Мнішаны на Міншчыне. У 1915-1918 гг. праходзіў службу ў царскай арміі, вучыўся ў Гатчынскай школе прапаршчыкаў, ваяваў на Румынскім фронце. У 1918 г. быў дэмабілізаваны, вярнуўся на Радзіму, дзе працаваў настаўнікам пачатковай школы ў в. Каменка на Уздзеншчыне. Са жніўня 1920 г. да 1923 г. служыў у Чырвонай арміі. Пасля дэмабілізацыі быў прызначаны настаўнікам пачатковай школы на Уздзеншчыне ў в. Астравок.
У 1925 г. пераехаў у Мінск, працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры, быў членам літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, потым “Узвышша”. У 1930 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Працаваў загадчыкам аддзела рэдакцыі часопіса “Полымя рэвалюцыі”. У 1939-1940 гг. удзельнічаў у савецка-фінскай вайне. Пад час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у рэдакцыі газеты “Красноармейская правда”, у франтавой газеце Заходняга фронту “За Савецкую Беларусь”, з сакавіка 1943 г. адказны рэдактар ілюстраванай сатырычнай газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Пасля вайны рэдагаваў сатырычны часопіс “Вожык”.
У 1946 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце I сесіі Генеральнай асамблеі ААН. У 1947-1951 гг. загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, з 1952 г. – дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР, з 1956 г. – віцэ-прэзідэнт АН БССР. У 1982-1989 гг. вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР.
Памёр пісьменнік 7 студзеня 1991 г. у Мінску.
Свой творчы шлях К. Крапіва пачаў як паэт-сатырык. Першы твор – вершаваны фельетон “Жылі-былі”, быў надрукаваны ў 1922 г. у газеце “Красноармейская правда”. Беларускамоўны твор – сатырычны верш “Сваты”, з’явіўся на старонках “Савецкай Беларусі” 23 мая 1922 г. Неўзабаве ў свет выйшлі кнігі сатыры і гумару “Асцё” (1925), “Крапіва” (1925), “Біблія” (1926) і інш., у якіх выразна выявіліся востры гумар, сатыра і надзённасць.
Крапіва паспяхова раскрыўся і як празаік. Яго ўлюбёным жанрам у галіне літаратурнай прозы стала сатырычнае апавяданне. З-пад пяра К. Крапівы выйшлі зборнікі прозы “Апавяданні” (1926), “Людзі-суседзі” (1928), раман “Мядзведзічы” (кн. 1, 1932) і інш.
У пачатку 1930-х гадоў Крапіва звярнуўся да драматургіі. Такія п’есы, як “Канец дружбы”, “Хто смяецца апошнім”, “Пяюць жаваранкі”, “Брама неўміручасці” і інш. з вялікім поспехам ставіліся на тэатральных сцэнах па ўсёй краіне і за яе межамі. За дасягненні ў галіне літаратуры К. Крапіва неаднаразова станавіўся лаўрэатам Дзяржаўных прэмій СССР, Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы.
Кандрат Крапіва актыўна займаўся навуковай і грамадскай дзейнасцю, рэдагаваў “Беларуска-рускі слоўнік” (1962), “Русско-белорусский словарь” (1982), “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” ў 5 тамах (1977-1984) і інш., узначальваў Тэрміналагічную камісію Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Неаднаразова абіраўся дэтутатам, старшынёй Вярхоўнага Савета БССР.
Кандрат Крапіва – народны пісьменнік Беларусі, акадэмік АН Беларусі, доктар філалагічных навук, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны дзеяч навукі БССР.
Пра пісьменніка створаны дакументальны фільм “Кандрат Крапіва” (1983 г.). У яго гонар названы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Уздзенская сярэдняя школа № 2. Імя Кандрата Крапівы носяць вуліцы ў Мінску і Уздзе.
З нагоды 120-гадовага юбілею Кандрата Крапівы прапануем Вам віртуальную выставу матэрыялаў пра жыццё і творчасць выбітнага майстра слова, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.