Пявучых гукаў уладар

Віртуальная выстава да 120-годдзя з дня нараджэння Міхася Забэйды-Суміцкага

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі працуе выстава “Пявучых гукаў уладар”, прысвечаная знакамітаму спеваку Міхасю Забэйду-Суміцкаму, 120-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася сёлета.

Згодна з завяшчаннем артыста, які другую палову жыцця пражыў у Празе, яго асабісты архіў быў перададзены на захаванне ў Беларусь. На сённяшні дзень фонд М. Забэйды-Суміцкага ў БДАМЛМ (№ 293) налічвае 451 адзінку захоўвання. Вялікую частку фонду складае канцэртны рэпертуар спевака: арыі, арыёза, урыўкі з опер, рамансы, серэнады, санеты, песні для хора, голасу з фартэпіяна на беларускай, італьянскай, нямецкай, польскай, рускай, чэшскай мовах. Багата прадстаўленыя таксама перапіска, матэрыялы да біяграфіі артыста, афішы, праграмы, запрашальныя білеты, фотаздымкі.

Дакументы асабістага фонду і склалі аснову выставы. Яе стэнды адлюстроўваюць пэўныя этапы жыцця і творчасці М. Забэйды-Суміцкага: “Шэйпічы. Маладзечна. 1900 – 1918”, “Сібір. Маньчжурыя. 1918 – 1932”, “Італія. 1932 – 1935”, “Польшча. Заходняя Беларусь. 1935 – 1940”, “Чэхаславакія. 1940 – 1981”, “…Песня стала маёй мовай…”, “З Беларуссю ў сэрцы”. Экспануюцца таксама выданні з асабістай бібліятэкі спевака (частка – з дароўнымі надпісамі) і асабістыя рэчы: партфель, партманет, узнагародная стужка, вымпел.

3 лістапада 2020 г.

Выпіс з метрычнай кнігі Сядзельніцкай царквы аб нараджэнні Міхаіла Забэйды. 1 чэрвеня 1900 г.
Міхась Забэйда з маці Аляксандрай Феліксаўнай Суміцкай. Ружаны, 1912 г.
Пасведчанне М. Забэйды аб заканчэнні Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Смаленск, 25 лютага 1918 г.
Пасведчанне асобы М. Забэйды, выдадзенае ў час працы ў школе на станцыі Вейшахэ Кітайскай Усходняй чыгункі. 1921 г.
Пасведчанне аб настаўніцкай працы М. Забэйды ў 1922 – 1932 гг.
М. Забэйда ў ролі Герцага (“Рыгалета” Дж. Вэрдзі). Харбінскі оперны тэатр, 1929 – 1932 гг.
М. Забэйда у Мілане на міжнар. выставе, у савецкім павільёне. 1933 – 1934 гг. Фотаздымак
М. Забэйда на лячэнні ў Сан-Рэма. 1933 г.
Пасведчанне артыста М. Забэйды на канцэртны сезон 1934 – 1935 гг.
М. Забэйда-Суміцкі (5-ы злева ў верхнім шэрагу) з артыстамі Познаньскага опернага тэатра. 1935 – 1936 гг.
М. Забэйда-Суміцкі ў ролі Ленскага (“Яўген Анегін” П. Чайкоўскага), сыгранай у Познаньскім оперным тэатры. 1935 – 1936 гг.
Канцэртная праграма М. Забэйды-Суміцкага. Кракаў, 27.02.1937
М. Забэйда-Суміцкі ў час рэпетыцыі. 4.04.1943
М. Забэйда-Суміцкі пасля канцэрта. 1950-я гг.
М. Забэйда-Суміцкі з акампаніятарам у час канцэрта. 1960-я гг.
М. Забэйда-Суміцкі (з кветкамі) па дарозе ў гатэль “Мінск”. Мінск, травень 1963 г.
М. Забэйда-Суміцкі з паэтам М. Машарам. Мінск, травень 1963 г.
Паштоўка У. Караткевіча М. Забэйду-Суміцкаму. 7.03.1974