Выдатны беларускі празаік, драматург, грамадскі дзеяч Іван Пятровіч Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння вясковай сямігодкі вучыўся ў Гомельскім тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў, дзе пачаў пісаць вершы і стаў актыўным членам літаратурнага аб’яднання пры газеце “Гомельская праўда”. Да гэтага часу адносяцца і першыя спробы ў празаічных жанрах. У 1940 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у зенітна-артылерыйскай часці пад Мурманскам. У час вайны змагаўся на поўначы (Мурманск, Кандалакша, Петразаводск), быў байцом-зенітчыкам, потым афіцэрам-палітработнікам, ваяваў на Карэльскім фронце, удзельнічаў ў вызваленні Польшчы, ваяваў у Германіі. На фронце быў прыняты ў шэрагі камуністычнай партыі. Закончыў вайну на Одэры ў афіцэрскім званні.
Пасля вайны Іван Пятровіч Шамякін працаваў на Гомельшчыне настаўнікам і завочна вучыўся ў Гомельскім педінстытуце імя В. Чкалава. У 1948 годзе паступіў у Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, пасля заканчэння якой быў прызначаны галоўным рэдактарам альманаха “Савецкая айчына”.
З 1954 года Шамякін працаваў намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, з 1966 года – сакратаром праўлення, з 1976 года – першым сакратаром. З 1990 года – член Рады Саюза пісьменнікаў БССР.
З 1980 да 1992 года Іван Пятровіч працаваў галоўным рэдактарам Беларускай Энцыклапедыі.
Памёр 14 кастрычніка 2004 года.
Першае апавяданне Івана Шамякіна “У снежнай пустыні” было надрукавана ў 1945 годзе ў часопісе “Полымя”. У хуткім часе там жа з’явілася аповесць “Помста”. У сваіх творах аўтар асэнсоўваў падзеі нядаўняй вайны як яе непасрэдны сведка і ўдзельнік. У аналагічным жанры ў 1949 годзе выйшаў раман “Глыбокая плынь”, за які пісьменніку была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР. Раман быў высока ацэнены чытачамі і меў вялікую папулярнасць.
Жыццю беларускай пасляваеннай вёскі прысвечаны раманы “У добры час” (1953) і “Крыніцы” (1957). У 1961 годзе Беларускі тэатр імя Я. Коласа паводле рамана “Крыніцы” паставіў п’есу. У 1957 годзе вышла аповесць Івана Шамякіна “Непаўторная вясна” – першая з пяці аповесцей будучага рамана “Трывожнае шчасце”, над якім пісьменнік працаваў да 1965 года.
Вялікую літаратурную вядомасць прынёс Шамякіну раман “Сэрца на далоні” (1963), у якім пісьменнік зноў звярнуўся да тэмы гераізму беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Раман ставіў мноства важных пытанняў: выхаванне дзяцей, грамадзянская мужнасць, сумленне і г.д. Філасофская думка рамана, яго мастацкая і ідэйная вартасць справядліва вылучылі раман у лік лепшых твораў беларускай літаратуры.
У 1969 годзе пісьменнік парадаваў чытачоў новым творам – раманам “Снежныя зімы”, у 1974 годзе – раманам “Атланты і карыятыды”.
У 1970-х – 1980-х гадах пісьменнік зноў звярнуўся да тэмы вайны: аповесць “Шлюбная ноч”, “Гандлярка і паэт”, раман “Зеніт”; кінааповесць “Эшалон у Германію”, па якой у 1974 годзе быў зняты фільм “Хлеб пахне порахам”.
Апошнія празаічныя творы пісьменніка былі прысвечаны надзённым праблемам сучаснасці: аповесць “Ахвяры” (1990), раман “Злая зорка” (1991), аповесць “Падзенне” (1994).
У 1972 годзе Івану Пятровічу Шамякіну было нададзена ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі.
Іван Пятровіч Шамякін шмат увагі аддаваў публіцыстыцы і літаратурнай крытыцы. Аўтар вострасюжэтных п’ес “Не верце цішыні”, “Дзеці аднаго дома”, “Выгнанне блудніцы” і інш. Інсцэніроўкі твораў Шамякіна і пастаноўкі яго п’ес адбываліся ў Мінску, Бабруйску, Адэсе, Цярнопалі, Кіеве, Чаркасах і іншых гарадах.
Творы Івана Шамякіна перакладзены на многія мовы народаў былога СССР і за мяжою. Сам Іван Пятровіч перакладаў на беларускую мову творы А.П. Чэхава, Л.Н. Талстога і інш.
Іван Пятровіч Шамякін спалучаў творчую працу з актыўнай грамадскай дзейнасцю: не аднойчы выбіраўся ў партыйныя камітэты розных узроўняў, у мясцовыя саветы, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (з 1971 года – старшыня), дэпутатам Вярхоўнага савета СССР (1980-1989), членам беларускай дэлегацыі на 18 сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1963), членам прэзідыума Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, старшынёй Беларускага камітэта абароны міру.
Змешчаная тут невялікая выстава прапануе Вам успомніць лёс і творчасць таленавітага беларускага пісьменніка і ўшанаваць яго памяць з нагоды 95-гадовага юбілею.