Вядомы беларускі празаік, драматург, публіцыст, народны пісьменнік БССР Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 г. у в. Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Пачатковую адукацыю Іван Мележ атрымаў у Глінішчах, школу-сямігодку скончыў у Алексічах, дзесяцігодку – у Хойніках (1938). У школьныя гады шмат маляваў, удзельнічаў у драматычным гуртку.
Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў у Хойніцкім райкоме камсамола. У 1939 г. паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, але з першага курса быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў на Украіне, у Карпатах. У 1940 г. удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны і Бесарабіі. У 1941 г., з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, Іван Паўлавіч Мележ ваяваў на фронце пад Уманню, Нікалаевам, Сінельнікавым, Лазавой, Растовам-на-Доне.
У чэрвені 1942 г. пад Растовам быў цяжка паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. Жыў у г. Бугуруслане Арэнбургскай вобласці (дзе завочна вучыўся на літаратурным факультэце Малдаўскага педінстытута). У 1943-1944 гг. выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які ў той час знаходзіўся на станцыі Сходня пад Масквой. Адначасова завочна вучыўся на філалагічным факультэце БДУ. Скончыў вучобу ў 1945 г. ужо ў г. Мінску. У 1945-1948 гг. вучыўся ў аспірантуры пры БДУ. Пісаў дысертацыю па творчасці Кузьмы Чорнага. Адначасова працаваў у рэдакцыі часопіса “Полымя” (1945-1947 гг.).
З 1945 г. Іван Мележ – член Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР.
У 1948-1951 гг. працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў БДУ, у 1950-1951 гг. – кансультантам аддзела прапаганды і агітацыі па пытаннях літаратуры ЦК КПБ.
У 1966 г. Іван Паўлавіч Мележ быў абраны сакратаром, а ў 1971 г. намеснікам старшыні праўлення СП БССР.
Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967-1976), быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага Савета Міру, старшынёй Беларускага аддзялення таварыства “СССР-Францыя”. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1946), ордэнам “Знак Пашаны” (1955), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967, 1971) і медалямі.
Памёр Іван Паўлавіч Мележ 9 жніўня 1976 г.
Літаратурную дзейнасць Іван Мележ пачаў у 1930-я гг. У 1939 г. у газеце “Чырвоная змена” быў надрукаваны першы верш Івана Мележа “Радзіме”. Перад вайной яго вершы друкаваліся таксама ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Бальшавік Палесся”. Першыя апавяданні напісаў у тбіліскім шпіталі. У “Бугурусланской правде” ў 1943 г. было апублікавана апавяданне “Апошняя аперацыя”.
У 1946 г. выйшаў першы зборнік апавяданняў Івана Мележа “У завіруху”. Апавяданні былі напісаны ў 1942-1945 гг. і прысвечаны падзеям вайны. У 1948 г. выйшаў другі зборнік прозы “Гарачы жнівень”.
У 1947-1952 гг. Іван Паўлавіч Мележ напісаў раман “Мінскі напрамак”, у якім паказаў вызваленне Беларусі воінамі Чырвонай Арміі і партызанамі ў красавіку-ліпені 1944 г.
У далейшым Іван Мележ выдаў зборнікі прозы “Блізкае і далёкае”, “У гарах дажджы”, “Што ён за чалавек”. Пасля паездак па краінах Еўропы напісаў нарысы “Паездка ў Прагу” і “Вакол Еўропы”.
Іван Мележ працаваў у галіне драматургіі. Стварыў аднаактную п’есу “Хто прыйшоў уночы”, прысвечаную падзеям вайны, і шматактавыя п’есы “Пакуль вы маладыя”, “Дні нараджэння” і “У новым доме”. П’есы ставіліся тэатрам імя Я.Купалы і Магілёўскім абласным драмтэатрам.
Шырокую вядомасць атрымала трылогія Івана Мележа “Палеская хроніка”, якая складаецца з раманаў “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы” і “Завеі, снежань” (няскончаны). У раманах раскрываецца цяжкі лёс сялянства ў пераломны перыяд гісторыі, адлюстроўваюцца падзеі 1920-х гг. і калектывізацыя на Палессі. За раман “Людзі на балоце” Івану Мележу была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР (1962). За раманы “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” – Ленінская прэмія (1972).
У 1972 г. Івану Мележу было нададзена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР.
Аўтар кніг літаратурна-крытычных артыкулаў, нарысаў і публіцыстычных выступленняў “Жыццёвыя клопаты”, зборнікаў “Белыя вішні і яблыні”, “Першая кніга. Дзённікі. Сшыткі. З запісных кніжак” і інш. Творы пісьменніка перакладаліся на мовы народаў СССР і за мяжой.
На тэлебачанні былі пастаўлены тэлеспектаклі па раманах Івана Мележа з трылогіі “Палеская хроніка”, зняты шматсерыйны тэлефільм. Інсцэніроўкі раманаў Мележа паставілі тэатр імя Я.Купалы, Народны тэатр у Мазыры, Гомельскі абласны тэатр, Мінскі тэатр юнага гледача. На студыі “Беларусьфільм” рэжысёрамі В.Туравым і Д.Зайцавым па “Палескай хроніцы” быў пастаўлены мастацкі фільм “Людзі на балоце” (у 1984 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР).
Імем Івана Мележа названы вуліцы ў Мінску, Хойніках, Лельчыцах, Глінішчы, завулак у Кобрыне. Імя пісьменніка прысвоена сярэдняй школе на яго радзіме, бібліятэцы і гімназіі ў Гомелі. У Мінску на доме №7 па вул. Я.Купалы, дзе жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка (1978). У 1983 г. на радзіме Мележа ў вёсцы Глінішча быў адкрыты мемарыяльны музей. З 1980 саюз пісьменнікаў БССР прысуджае літаратурную прэмію імя Івана Мележа.
З нагоды 95-гадовага юбілею Івана Мележа прапануем Вам пазнаёміцца з некаторымі дакументамі, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў асабістым фондзе пісьменніка (Ф. 277).