У гісторыю беларускага тэатра Сцяпан Сцяпанавіч Бірыла (14.08.1903, Мінск – 15.07.1978, Мінск) увайшоў акцёрам вялікай культуры з непаўторным талентам і багатым сцэнічным вопытам. Фонд № 238, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, з’яўляецца багатай крыніцай дакументальных звестак пра творчую і грамадскую дзейнасць як самога юбіляра гэтага года, так і яго сям’і (уваходзяць таксама дакументы актрыс Ліцкай З.Я. і Сянько А.І.).
Пасведчанне аб нараджэнні 1 жніўня 1903 года (па ст. ст.), выдадзенае 02.04.1929 г., у звестках “аб бацькох” “нарадзіўш[агася] Сьцяфана Бірыллы”, называе Сьцяфана і Аляксандру Бірыллаў з г. Менска; на адвароце дакумента невыпадкова дапісана важная ў той час інфармацыя пра іх “класавае” паходжанне: “Бацькі гр. Бірылла Сьцяфана па мэтрычнай кнізе сяляне [Ві…скай] воласці”. У Мінску бацькі былі служачымі, што дазволіла аддаць сына ў прэстыжную на той час Мінскую мужчынскую гімназію. Грамадзянская вайна паўплывала на лёс сям’і Бірылаў, як і многіх іншых беларусаў. Шлях у тэатр Сцяпана Бірылы распачаўся ў 15-гадовым узросце і рушыў праз сцэны Волагды і Архангельска, а затым ужо Віцебска, Гомеля, Мінска.
Добрыя вонкавыя дадзеныя, сцэнічнае ўменне выяўляць палкасць, прывабнасць, юнацкую энергію, шчырасць пачуццаў разам з часам залішняй эмацыйнасцю і пераймальнасцю дазвалялі маладому Сцяпану выконваць ролі герояў-любоўнікаў на пачатку яго творчай кар’еры. Такім акцёра і заўважыў у 1926 годзе Уладзіслаў Галубок – кіраўнік беларускага вандроўнага тэатра (БДТ-3).
“Гэта быў Галубок, – чытаем ва ўспамінах С. Бірылы, – усёй сваёй постаццю ён неяк нагадваў упраўляючага маёнткам дарэвалюцыйнага часу. Яго довады пра неабходнасць майго пераходу да яго ў тэатр былі такімі пераканаўчымі, што мне, беларусу па нараджэнні, гэтаксама стала зразумела – так, трэба ісці працаваць на ніве беларускага тэатра”. Пішучы ўспаміны аб працы ў трупе У. Галубка, праз многія дзесяцігоддзі Сцяпан Бірыла згадвае атмасферу захаплення агульнай ідэяй развіцця нацыянальнага тэатру, шчырага даверу свайму кіраўніку, гатоўнасці пераадольваць матэрыяльныя і іншыя цяжкасці, згадвае пачаткі НЭПаўскага прадпрымальніцтва ў сферы культуры. Пры гэтым акцёр вылучае асобу У. Галубка як годны прыклад чалавека і шматбаковага прафесіянала: “Галубок у тэатры быў усім. Ён і дырэктар, ён і драматург, ён і акцёр, і рэжысёр, ён і бухгалтар, ён і мастак. У яго былі выдатныя і фінансавыя здольнасці… справы вырашаліся вельмі проста: прыход-расход, а трупа – 30 чалавек – атрымлівала дакладна заробак, і ўсё, што трэба для спектакляў, заўсёды было”. З фотаздымка трупы Беларускага дзяржаўнага вандроўнага тэатра пад кіраўніцтвам У. Галубка 1926-27 гг., што захоўваецца ў фондах БДАМЛМ, на нас глядзяць светлыя і натхнёныя твары артыстаў, сярод іх – Сцяпан Бірыла і яго першая жонка – актрыса Зіновія Ліцкая.
У 1928 г. Сцяпан Бірыла быў запрошаны ў БДТ-1, пазней Тэатр імя Янкі Купалы, які стаў для яго сцэнай на ўсё жыццё. Тут раскрыўся яго талент і вызначылася творчая індывідуальнасць. Прадстаўленыя на выставе фотаздымкі 1929-30-х гг. сцэн са спектакляў БДТ-1 з удзелам С. Бірылы сведчаць аб рознапланавасці яшчэ маладога акцёра. У снежні 1938 г. акцёру было прысуджана званне заслужанага артыста БССР, пра што сведчыць дакумент з фондаў БДАМЛМ, выдадзены С. Бірылу 03.02.1943 г. (пасведчанне артыст атрымаў толькі ў 1946 г.)
У гады Вялікай Айчыннай вайны С. С. Бірыла разам з трупай тэатра працаваў у эвакуацыі ў г. Томску. Сярод узнагарод С.С. Бірылы ваеннага часу – Ганаровыя граматы, якія артыст атрымаў у 1942 і 1944 гадах за ваенна-шэфскую работу ў вайсковых частках.
Паказальна, што разам з актуальнымі грамадзянска-пафаснымі спектаклямі тэатр у гэты час зноў звярнуўся да пастаноўкі п’есы “Паўлінка” Я. Купалы. Жыццярадасная народная камедыя ўспрымалася як сведчанне багатых духоўных сіл беларускага народа, яго нязломнасці і няскоранасці (ёй з 1950 г. звычайна адкрываецца кожны тэатральны сезон купалаўцаў).
С. С. Бірыла быў асістэнтам рэжысёра Л. М. Літвінава, які паставіў спектакль “Паўлінка” Я. Купалы падчас вайны (1944). У фондзе артыста захаваліся рукапісы – рэжысёрскія распрацоўкі спектакля, якія перадаюць думкі стваральнікаў (у т. л. і С. Бірылы) аб п’есе Я. Купалы і яе вобразах, выяўляюць рэжысёрскае бачанне хода спектакля на сцэне, перадаюць атмасферу радасці ў ваенны час ад судакранання з беларускім мастацтвам. Жывы рукапісны тэкст, зроблены рукой Сцяпана Сцяпанавіча адлюстроўвае ход яго думкі, падбор адпаведнага слова. І нават пэўныя закрэсліванні могуць многае сказаць удумліваму даследчыку пра час пастаноўкі п’есы.
Трупа тэатра, перайменаваная ў снежні 1944 г. у Беларускі драматычны тэатр імя Я. Купалы, вярнулася ў вызвалены Мінск з падрыхтаванымі ў эвакуацыі пастаноўкамі, у т. л. “Паўлінкай” і “Прымакамі” Я. Купалы. У фондзе № 238 захавалася Праграма вечара камедыі, прысвечанага паэту (1945), а таксама рукапісны тэкст вядучага вечара С. Бірылы. З дакументаў можна атрымаць важную інфармацыю пра каманду, якая працавала над спектаклямі: выканаўцаў роляў (сярод іх легендарныя артысты У. І. Дзядзюшка, Р. М. Кашэльнікава, Л. І. Ржэцкая, Г. П. Глебаў, У. І. Уладамірскі, С. М. Станюта і мн. інш.), кампазітара Я. К. Цікоцкага, мастака Б. Я. Малкіна і інш. Цікавым удакладненнем у тэксце Праграмы вечара камедыі з’яўляецца шчыры допіс удзячнасці Томскай арцелі “Мастацкая праца”, якая выканала заслону для спектакля.
19.02.1946 г. у сувязі з 25-гадовым юбілеем Дзяржаўнага тэатра імя Янкі Купалы і за шматгадовую работу ў справе развіцця тэатральнага мастацтва Беларусі С. С. Бірыла быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Дакумент ад 18.11.1946 г. захоўваецца ў фондзе артыста.
Акцёру пасавалі вобразы людзей інтэлектуальных, творча адораных, са складанай унутранай арганізацыяй і шчодрым сэрцам, характары якіх Сцяпан Сцяпанавіч паказваў у развіцці. Такімі ў выкананні С. Бірылы былі прафесары Паляжаеў (“Неспакойная старасць” Л. Рахманава), Акаёмаў (“Машачка” А. Афінагенава), Чарнавус (“Хто смяецца апошнім” К. Крапівы), Дзееў (“Гэта было ў Мінску” А. Кучара) і інш.
Знакавая для С. Бірылы роля Якава Каламійцава (“Апошнія” М. Горкага) дазволіла акцёру стварыць складаны арыгінальны вобраз, у характары якога ён падкрэсліў дабрыню і высакародства, але, разам з тым, паказаў надламанасць жыццём, пасіўнасць, бязвольнасць, бездапаможнасць, што, нажаль, прыводзіла да распаду асобы і сям’і.
На працягу многіх гадоў С. Бірыла выконваў ролю гасціннага Вядучага ў легендарным спектаклі “Паўлінка” Я. Купалы.
На віртуальнай выставе з фондаў БДАМЛМ падабраны рознапланавыя характарныя фотаздымкі Сцяпана Бірылы 1950-х, 1960-х і 1970-х гадоў у шматлікіх ролях, сыграных ім у тэатры Я. Купалы, а таксама ў кіно. Усе яны пазначаны прафесійным майстэрствам, добрым густам, дакладным пранікненнем у стылявыя і жанравыя асаблівасці твораў. Узбагачаюць выставу тэксты сыграных роляў з паметамі артыста, а таксама праграмкі спектакляў, на якіх ёсць рукапісныя тэкты прыхільнікаў і сяброў С. Бірылы.
Асобнай тэмай выставы, прысвечанай артысту, стала тэатральнае, грамадскае, а таксама пазасцэнічнае жыццё артыстаў-купалаўцаў. На фотаздымках з фондаў БДАМЛМ можна ўбачыць С. Бірылу ў акружэнні знакамітых калег: падчас адкрыцця тэатральнага сезона, удзелу ў першамайскай дэманстрацыі, на адпачынку ў санаторыях і інш. Унікальным дакументам з’яўляецца нататнік, які вёў С. Бірыла падчас паездкі ў Англію. У дзённікавых запісах зафіксаваны самыя розныя ўражанні савецкага чалавека і артыста ад убачанага ў далёкім і незразумелым капіталістычным свеце.
70-гадовы юбілей С.С. Бірылы адзначаўся на дастойным узроўні. Фонд артыста захоўвае памяць пра гэту знамянальную падзею як у жыцці самога артыста, так і тэатра імя Я. Купалы: фотаздымкі падзеі, віншавальныя адрасы і шчырыя словы прызнання заслуг ад калег і сяброў.
С. С. Бірыла займаўся і рэжысёрскай дзейнасцю, ажыццяўляў уводы акцёраў у спектаклі. Быў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускага тэатральнага таварыства. Ён аўтар артыкулаў пра беларускіх рэжысёраў Л. Літвінава, У. Галубка, Л. Рахленку, Ф. Ждановіча і інш. Зробленае народным артыстам Беларусі Сцяпанам Сцяпанавічам Бірылам назаўсёды засталося ў гісторыі беларускага мастацтва, тэатра, ва ўдзячнай памяці гледачоў.
Над віртуальнай выставай працавалі вядучыя архівісты Мізон Н. А. і Пусцільнік-Марчук Н. Г., архівіст Лабовіч І. А. Жнівень, 2023.
Дакументы, прадстаўленыя на выставе:
- 238_2_16_001. Фотапартрэт С.С. Бірылы. (1930-я).
- 238_1_145_001-1адв. Пасведчанне аб нараджэнні С.С. Бірылы, выдадзенае Менскім гарадскім аддзяленнем ЗАГС. 1929.
- 238_1_204_001. Фотаздымак С.С. Бірылы (2-гі справа стаіць) і З.Я. Ліцкай (першая жонка Бірылы, у 2-гім радзе знізу сядзіць справа 2-гая) сярод артыстаў вандроўнага тэатра У. Галубка (стаіць у цэнтры). 1926-27.
- 238_1_134_003-7-9. Успаміны С.С. Бірылы пра У. Галубка і працу ў яго тэатры ў 1927-28 гг. Аўтограф. 1970-я.
- 238_1_81_002. Сцэна са спектакля БДТ-1 “Мост” Я.С. Рамановіча (рэж. Я. Міровіч). С.С. Бірыла ў ролі Сваевіча, В. Пола ў ролі Валі. 1929.
- 238_1_83_001 Сцэна са спектакля БДТ-1 “Канец дружбы” К. Крапівы (рэж. Л. Літвінаў, Л. Рахленка). С.С. Бірыла ў ролі Лютынскага, Л. Рахленка ў ролі настаўніка. 1934.
- 238_1_82_001. . Сцэна са спектакля БДТ-1 “Жакерыя” П. Мерымэ (рэж. Л. Літвінаў) С.С. Бірыла ў ролі Ксяндза, Антонава ў ролі барона Д’Апрэмона, І.Ф. Ждановіч у ролі Кондрада. 1934.
- 238_1_55_001. Фатаграфія С.С. Бірылы ў нявызначанай ролі (“Сімфонія гнева” В. Шашалевіча, рэж. Л. Літвінаў) у БДТ-1. 1935
- 238_1_4_001. Тэкст ролі Вашамірскага ( “Салавей” З. Бядулі), сыгранай С.С. Бірылам у БДТ-1. 1937. Машынапіс з паметамі С. С. Бырылы.
- 238_1_146_001-3-4. Пасведчанне заслужанага артыста БССР С.С. Бірылы. 1938, 1943, 1946
- 238_2_10_001-4. Ганаровыя граматы С.С. Бірылу. 08.08.1942; 07.09.1944.
- 238_1_119_001-3-5-22. Рэжысёрская распрацоўка п’есы Я. Купалы “Паўлінка”, пастаўленай у тэатры імя Я. Купалы (рэж. Л.М. Літвінаў, асістэнт рэж. С.С. Бірыла). 1944-45.
- 238_1_120_008. Праграма “Вечара камедыі” тэатра імя Я. Купалы. Мінск. 1945.
- 238_1_120_001-1адв. Уступнае слова на “Вечары камедый” тэатра імя Я. Купалы.1944-45.
- 238_1_157_002. Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Бірылу С.С. 18.11.1946.
- 238_2_16_002. Фотапартрэт С.С. Бірылы. 1950-я.
- 238_2_1_001. Фатаграфія С.С. Бірылы ў ролі Велікатава (“Таленты і прыхільнікі” А.М. Астроўскага, рэж. Л.М. Літвінаў), сыгранай у тэатры імя Я. Купалы. 1950.
- 238_1_89_002. С. С. Бірыла ў ролі Батуры ў спектаклі тэатра імя Я. Купалы “Калінавы гай” А. Карнейчука (рэж. П. Сушко). 1950.
- 238_2_2_001. Фатаграфія С.С. Бірылы ў ролі Ліпатава (“Залп Аўроры” М. Бальшанцова, М. Чыяурэлі, рэж. І. Судакоў), сыгранай у тэатры імя Я. Купалы. 1952.
- 238_1_29_001. Тэкст ролі Гідзеева ( “Каб людзі не журыліся” А. Макаёнка), сыгранай С.С. Бірылам у тэатры імя Я. Купалы. 1958. Машынапіс з паметамі С. С. Бірылы.
- 238_2_5_001-2. Пасведчанне народнага артыста С.С. Бірылы. 05.03.1955.
- 238_1_104_001. Кадр з тэлеспектакля “Сымон-музыка” Я. Коласа (рэж. У. Кухта). С.С. Бірыла ў ролі дзеда Данілы, П.П. Дубашынскі ў ролі Сымона. 1958.
- 238_2_19_001. Артысты Купалаўскага тэатра падчас адпачынку ў санаторыі “Беларусь” (г. Друскенікі). На фота: С.С. Бірыла ў 1 радзе 4-ты злева. 1953.
- 238_2_20_002. Фотаздымак падчас адпачынку. -, -, С.Станюта, -, С.С. Бірыла. 1956.
- 238_2_22_001. Дэманстрацыя 07.11.1959. На фота: С.С. Бірыла, Т.Н. Аляксеева, В.У. Галіна.
- 238_2_23_004 Адкрыццё сезона. 04.09.1963. г. Мінск. На фота: З.Ф. Стома, З.І. Браварская, С.С. Бірыла (пярэдні план), С.М. Станюта (злева), В.М. Пола (справа).
- 238_1_178_001 Жартоўны верш-віншаванне С.С. Бірылу з 65-годдзем ад акцёраў Купалаўскага тэатра. 1968.
- 238_1_115_009-10. Праграма спектакля тэатра імя Я. Купалы “Дзесяць сутак за любоў” У. Канстанцінава, Б. Рацэра (рэж. Н. Ліўшыц) з удзелам С.С. Бірылы. Друк, аўтограф Д. Налівайкі. 04.07.1970.
- 238_1_44_001. Тэкст ролі Дзеда (“Зацюканы апостал” А. Макаёнка), сыгранай С.С. Бірылам у тэатры імя Я. Купалы. 11.05.1970. Машынапіс з паметамі С. С. Бырылы.
- 238_2_4_001. Фатаграфія С.С. Бірылы ў ролі Дзеда (“Зацюканы апостал” А.Я. Макаёнка, рэж. Б.І. Луцэнка ў тэатры імя Я. Купалы). 1971
- 238_1_132_008-9. Дзённікавыя запісы С. С. Бірылы пра паездку ў Вялікабрытанію. Аўтограф. 25.08-09.09.1972.
- 238_2_24_002 70-годдзе С.С. Бірылы. На фота: В.М. Пола, (А.В. Нікалаева), С.С. Бірыла, З.І. Браварская, -, -, А.В. Сабалеўскі. 1973.
- 238_1_181_002 Віншавальны адрас Саюза пісьменнікаў БССР з нагоды 70-годдзя С.С. Бірылы. Машынапіс, рукапіс. 18.08. 1973.
- 238_1_182_008 Віншавальны калаж С.С. Бірылу з 70-годдзем ад акцёраў Купалаўскага тэатра Л. і Б. Янпольскіх. 1973.