Укладанне, прадмова і каментар – літаратуразнавец, кандыдат філалагічных навук, навуковы супрацоўнік БДАМЛМ Віктар Жыбуль (галоўны рэдактар). Член рэдакцыйнай калегіі – дырэктар архіва-музея Ганна Запартыка. Выданне заснавана на дакументах, якія захоўваюцца ў фондах архіва-музея.
Сяргей Астрэйка (1912-1937) – таленавіты беларускі паэт міжваеннага пакалення. Багатая, маляўнічая метафарыстыка разам з сапраўднай моўнай “паліфаніяй” вызначаюць адметны стыль аўтара, чые паэмы “Змарагды кроз” і “Бенгалія” атрымалі высокія ацэнкі сучаснікаў. Першая з іх уяўляе з сябе рамантычна-філасофскі роздум С.Астрэйкі над шляхамі развіцця роднага краю, другая прысвечана вызваленчаму руху бенгальскага народа ў часы каланіяльнай залежнасці.
Пры жыцці паэт, які стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій, так і не паспеў выдаць ніводнай кнігі; няшмат у яго было і публікацый у друку. Сёння ўпершыню пад адной вокладкай сабраныя амаль усе вядомыя на гэты момант творы Сяргея Астрэйкі – вершы, паэмы, а таксама газетныя нататкі і часопісныя артыкулы.