Прыходскія святары непасрэдна, на свае вочы, назіралі за паўсядзённым жыццём мястэчка, навакольных вёсак і давалі падрабязнае апісанне найбольш значных падзей, якія адбыліся за год ў прыходзе, прыводзілі статыстычныя звескі, узгадвалі мясцовыя звычаі і паданні.
Гэты ўнікальны дакумент быў выяўлены ў архіве-музеі ў фондзе літаратурнага крытыка Л.А. Бэндэ (Фонд 66. Воп. 1. Адз. зах. 1156). Тэкст Дукорскага царкоўнага летапісу друкуецца ўпершыню поўнасцю і падаецца на мове арыгінала ў сучаснай арфаграфіі. Тэкст быў расчытаны і апрацаваны У.Г. Кулажанкам (намеснікам дырэктара архіва-музея). Выданне таксама забяспечана змястоўным ўступным артыкулам і каментарамі.
Поўная публікацыя асобным выданнем царкоўнага летапісу ў Беларусі была здзейснена ўпершыню і бяспрэчна будзе цікава даследчыкам айчынай гісторыі, краязнаўцам, архівістам, а таксама шырокаму колу чытачоў.