06.10.2022

ХХ Архіўныя чытанні «Фонды асабістага паходжання - крыніцы гістарычнай памяці народа»

6 кастрычніка 2022 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбыліся чарговыя Архіўныя чытанні, юбілейныя ва ўсіх сэнсах: і дваццатыя па ліку, і прымеркаваныя да знакавай даты – 100-годдзя Дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі. Асноўная тэма канферэнцыі была сфармулявана як “Фонды асабістага паходжання – крыніцы гістарычнай памяці народа”.

У прывітальным слове дырэктар архіва-музея Ганна Запартыка адзначыла важнасць фондаў асабістага паходжання ў навуковай працы, а адзін з пастаянных удзельнікаў, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл Шумейка, віншуючы прысутных, распавёў пра святкаванне 100-годдзя архіўнай службы ў БДУ, у тым ліку аб правядзенні канферэнцыі “Пічэтаўскія чытанні”. Ён жа і распачаў пленарнае пасяджэнне дакладам «Роля асабістых архіўных фондаў вучоных у справе падрыхтоўкі іх навуковых біяграфій». Былі таксама агучаны тэзісы даклада «Фонды асабістага паходжання Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гродна як крыніца гістарычнай памяці» намесніка дырэктара згаданага архіва Святланы Грамыка, а вядучы архівіст Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Міхаіл Гарэлік знаёміў з тэмай папулярызацыі аўдыёвізуальных дакументаў БДАКФФД у Інтэрнэт-прасторы.

Праца абедзвюх секцый канферэнцыі была плённай і цікавай, закранала самыя розныя пласты айчыннай гісторыі, літаратуры і культуры. Прагучалі даклады: «Іосіф Стэфанавіч Малевіч, прадзед Максіма Багдановіча (па матэрыялах фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі» (І. Мышкавец), «“Літаратурны дзённік Сцяпана Александровіча” як аб’ект навуковага даследавання» (М. Бараноўскі), «Ад архівіста да кінадраматурга: жыццё і творчасць Іларыя Барашкі ў святле дакументаў яго архіўнага фонду» (В. Жыбуль), «Фонд Станіслава Шушкевіча як крыніца інфармацыі аб жыцці і творчасці маладнякоўцаў» (А. Данільчык), «Роля асабістых архіваў паэтаў у падрыхтоўцы да выдання 13 тома “Уладзімір Дубоўка, Уладзімір Жылка, Язэп Пушча” серыі “Залатая калекцыя беларускай літаратуры”: з вопыту ўкладальніка» (І. Багдановіч), «Браты Шашалевічы і Магілёў» (А. Петухоў), «Ліставанне Янкі Брыля і Галіны Гарэцкай» (В. Назараў), «Першы беларускі пераклад паэмы Шота Руставелі “Віцязь у тыгравай скуры”» (К. Бадылевіч), «Даследаванні М. Піятуховіча ў ацэнках А. Кучара» (І. Запрудскі), «Асабовы склад канцылярыстаў Мінскай праваслаўнай духоўнай кансісторыі канца XVIII – пачатку ХІХ ст.» (З. Антановіч), «Малавядомыя матэрыялы, звязаныя з асобай Алаізы Пашкевіч, у фондах БДАМЛМ» (Д. Карчашкіна), «Асабісты архіў Янкі Шутовіча як крыніца па гісторыі Беларускага музея імя І. Луцкевіча ў Вільні» (В. Іванова), «“Пражскі эпісталярый” як прэцэдэнт архіўнай рэканструкцыі беларускай чыннасці ў еўрапейскіх краінах 1920-х гг.» (М. Трус), «Справаводства БДУ ў асобах: Урман Ізраіль Аўсеевіч» (А. Шапко), «Матэрыялы асабістых фондаў як крыніца па гісторыі развіцця музычнай і тэатральнай культуры БССР у 2-й палове ХХ ст.» (А. Паўлава), «З досведу выкарыстання архіўных дакументаў асабістага паходжання з фондаў БДАМЛМ і ў рэалізацыі Гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Заслаўе” мемарыяльнага праекта “Аўта/Партрэт Рэканструктара”, прысвечанага гадавіне з дня нараджэння Яўгена Куліка» (К. Сямашка, Г. Сівохін), «Дакументы з фонду Міколы (Мікалая Фёдаравіча) Садковіча ў БДАМЛМ і атрыбуцыя кіналетапісу Вялікай Айчыннай вайны» (К. Рамішэўскі), «Агляд дакументаў асабістага фонду паэта, празаіка, перакладчыка Давіда Рыгоравіча Сімановіча» (А. Бондарава).

Падчас канферэнцыі прайшло адкрыццё выставы «…З ідэяй захаваць ад знішчэння…», таксама прысвечанай 100-годдзю дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі.

Галерея изображений