02.10.2020

ХVIII Архіўныя чытанні, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

2 кастрычніка 2020 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі XVIII Архіўныя чытанні, аб’яднаныя з ХХ Узвышаўскімі чытаннямі, перанесенымі з мая па прычыне неспрыяльнага эпідэміялагічнага становішча. Канферэнцыя была прымеркаваная адначасова да Дня архівіста і 60-годдзя з часу заснавання БДАМЛМ.

Удзельнікаў прывіталі дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш і дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка, якія адзначылі важную ролю архіўнай працы ў грамадскім жыцці краіны.

Усе даклады XVIII Архіўных чытанняў былі прысвечаны заяўленай тэме канферэнцыі – “Уладзімір Караткевіч і яго час: Да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка”. У полі зроку ўдзельнікаў былі найперш дакументазнаўчыя аспекты вывучэння Караткевічавай спадчыны, яго ўзаемаадносінаў з сучаснікамі: “Жыццё і творчы шлях Уладзіміра Караткевіча (па матэрыялах БДАКФФД)” (М. Гарэлік), “Пабрацімства двух Уладзіміраў: Уладзімір Караткевіч і Уладзімір Лучук” (В. Рагойша), “Творчыя і сваяцкія повязі Уладзіміра Караткевіча і Геральда Асвяцінскага” (Ю. Бачышча), “Штрыхі да партрэта Уладзіміра Караткевіча на аснове фондавых матэрыялаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча” (М. Бараноўскі), “Месца Уладзіміра Караткевіча ў беларускім нацыянальна-культурным дыскурсе” (А. Бабко). Украінскі даследчык В. Лявіцкі завочна далучыўся да канферэнцыі, даслаўшы відэазапіс свайго дакладу “Задумы сцэнарыяў для Кіеўскай кінастудыі ў мастацкім свеце Уладзіміра Караткевіча”.

Даклады ХХ Узвышаўскіх чытанняў прысвячаліся іншым постацям беларускай літаратуры і культуры: «“Дэпешы бяз адрасу”: асаблівасці аўтарскага ўкладання і тэксталагічныя аспекты нявыдадзенага зборніка Уладзіміра Дубоўкі» (І. Багдановіч), “Дакументы беларускага і ўкраінскага гісторыка Льва Акіншэвіча ў БДАМЛМ” (Н. Гардзіенка), “Праца з фондам Зінаіды Бандарынай у БДАМЛМ (№ 75): набыткі і перспектывы вывучэння літаратурнага працэсу ХХ ст.” (А. Данільчык), «Постаць Кузьмы Чорнага праз архіўныя і музейныя матэрыялы ў адлюстраванні віртуальнага праекта Нацыянальнай бібліятэкі “На хвалі часу, у плыні жыцця”» (Ю. Амосава), «Іван Кліндухоў – “кліент” Якуба Коласа» (В. Міцкевіч, А. Петухоў).

Была таксама прадстаўлена выстава “Пявучых гукаў уладар”, прысвечаная вядомаму спеваку Міхасю Забэйду-Суміцкаму, 120-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася сёлета. Экспазіцыю выставы склалі дакументы і музейныя прадметы з асабістага фонду артыста ў БДАМЛМ (ф. № 293), а таксама кнігі і нотныя выданні з яго бібліятэкі.

Галерея изображений