Удзельнікаў чытанняў вітаў намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Аляксей Цвяткоў, які падкрэсліў важнасць гістарычных дакументаў ваеннага часу і пажадаў удзельнікам плёну ў далейшых даследаваннях. Дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка адзначыла непасрэдную сувязь пісьменнікаў літаратурнага аб’яднання “Узвышша” Пятро Глебкі, Кандрата Крапівы, Максіма Лужаніна з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.
На пленарным пасяджэнні кандыдат фізіка-матэматычных навук, выкладчык БДУ Аляксандр Красоўскі расказаў пра жыццёвы шлях свайго бацькі Мікалая Красоўскага, дзяржаўнага і культурнага дзеяча, аднаго з арганізатараў партызанскага руху ў Беларусі ў гады вайны. Аляксандр Мікалаевіч перадаў на захаванне ў архіў-музей дакументы бацькавага архіва, сярод якіх дзённік, дзе ёсць запісы пра вядомых пісьменнікаў. Разам з дакументамі ў архіў-музей перададзены ўнікальны экспанат – легендарны фотаапарат “Лейка”, з якім Мікалай Ільіч не разлучаўся ўсе гады вайны.
Падчас працы секцый прагучалі даклады «Творчая дзейнасць паэта Максіма Танка ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў аўдыёвізуальных дакументах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў» (Алена Траццяк), «Асоба і лёс Язэпа Пушчы праз архіўны фонд пісьменніка ў адлюстраванні віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”» (Юлія Амосава), «Гісторыя станаўлення і развіцця бібліятэчнай справы Беларусі праз кантэкст архіўнага дакумента» (Ірына Кукета), «Сілай духу падобныя: сыны беларускіх літаратараў, што змагаліся і загінулі за Радзіму (паводле архіўных крыніц)» (Ганна Запартыка), «Апошні нататнік Змітрака Астапенкі» (Віктар Жыбуль), «Невядомыя інскрыпты Якуба Коласа на кнігах» (Васіліна Міцкевіч), «Ворагі і героі. Ваенныя дарогі беларускіх пісьменнікаў» (Міхаіл Бараноўскі), «Нерэалізаваная мара Якуба Коласа: чаму нацыянальны класік так і не напісаў твор, прысвечаны Крычаўскаму паўстанню?» (Аляксандр Крыжэвіч), «Радашковіцкі асяродак Зінаіды Бандарынай: Тамара Сакалова і Кацярына Жалязоўская» (Аксана Данільчык), «Дакументы пісьменніка і навукоўца Міхася Ганчарыка ў Дзяржаўным архіве Магілёўскай вобласці» (Алег Дзьячкоў), “Асоба Андрэя Канстанцінавіча Сніткі (1866–1920) у гісторыі краю” (Юры Бачышча), «Кастусь Маеўскі і беларускі фальклор. Гісторыя жыцця і дзейнасці невядомага збіральніка з Валожыншчыны» (Яніна Грыневіч).
У дзень канферэнцыі адбылося адкрыццё выставы “Клічу вас я на пабеду…”, названай паводле радка з верша “Беларускім партызанам” Янкі Купалы. На выставе экспануюцца дакументы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў у час Вялікай Айчыннай вайны, з асэнсаваннем ваенных падзей у творах літаратуры, выяўленчага мастацтва, тэатра і кіно, а таксама памяццю пра загінулых. На вітрыне прадстаўлены кніжныя і перыядычныя выданні 1940-х гг., у тым ліку падшыўкі вядомых газет “Партызанская дубінка” і “Раздавім фашысцкую гадзіну”.