12.05.2025

Пресс-релиз

13 мая 2025 года, у дзень 120-годдзя вядомай актрысы тэатра і кіно Стэфаніі Станюты, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва запрашае на мерапрыемства з адкрыццём выставы “Кожная роля - галоўная”, якая прэзентуе дакументы з асабістага фонда прымы.

Святло, якое сыходзіла ад Стэфаніі Міхайлаўны, было шчодра разліта праз усё ХХ стагоддзе. На яе вачах і з яе ўдзелам адбылося станаўленне і ўздым беларускага нацыянальнага тэатра. Прызнанне яе таленту – як сярод калегаў, так і простых гледачоў –  ішло поруч з захапленнем яе чалавечай годнасцю, натуральнай цеплынёй і душэўнай шчодрасцю. Для многіх гледачоў яна стала выяўленнем самога духа і сумлення Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

З багатага асабістага фонда Стэфаніі Станюты для юбілейнай выставы адабрана частка дакументаў, якія паліфанічна раскрываюць жыццёвы і творчы лёс вялікай актрысы. Фотаздымкі і тэксты роляў, рукапісы і малюнкі, ліставанне з роднымі і знаёмымі, водгукі крытыкаў і прыхільнікаў, дакументы творчай, грамадскай, аматарскай дзейнасці і інш. Фонд Стэфаніі Міхайлаўны, які захоўваецца ў БДАМЛМ, з’яўляецца невычэрпнай крыніцай як па вывучэнні асабістай і творчай спадчыны самой актрысы, так і ў даследаванні грамадскіх зрухаў ХХ стагоддзя.

На мерапрыемства запрошаны родныя  Стэфаніі Станюты, а таксама калегі, якім пашчасціла іграць на адной сцэне з актрысай.

Вул. Кірылы і Мяфодзія, 4 (чытальная зала БДАМЛМ).

Даведкі па тэлефоне: 242-51-88