13.12.2024

ПРЭС-РЭЛІЗ

17 снежня 2024 года а 16-й гадзіне Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва запрашае на мерапрыемства з адкрыццём дакументальнай выставы “Беларусьфільм” пра дзяцей і для дзяцей,

прымеркаванай да 100-гадовага юбілею “Беларусьфільма”.

За 100 гадоў Нацыянальная кінастудыя Беларусьфільм пражывала не аднойчы свае зорныя часы. Для дакументальнай выставы, прымеркаванай да 100-гадовага юбілею “Беларусьфільма”, былі адабраныя архіўныя дакументы, звязаныя з т.зв. “дзіцячым” беларускім кінематографам. На прыкладзе гэтай часткі збораў архіва-музея можна прасачыць адметнасці развіцця кінастудыі “Беларусьфільм” ў цэлым. Пачатковыя крокі у галіне вытворчасці фільмаў пра дзяцей і для дзяцей беларускія кінематаграфісты рабілі яшчэ ў сярэдзіне 1930-х і напрыканцы 1940-х гг. Адзін са знакавых перыядаў кінастудыі, у тым ліку і для дзіцячага кінематографа, – 1960-1980-я гг. – змястоўна прадстаўлены ў фондзе №112  “Кінастудыя Беларусьфільм”, што захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Дакументы, экспануемыя на выставе, ілюструюць розныя для дзіцячага кіно перыяды дзейнасці кінастудыі “Беларусьфільм”: як найлепшыя, так і гады, калі такое кіно не здымалася.

Гераічныя і прыгодніцкія, казачныя і гістарычныя, фантастычныя і сацыяльна-драматычныя фільмы для дзяцей праходзілі дастаткова доўгі шлях ад задумы да рэалізацыі, некаторыя так і заставаліся на паперы. Дакументы мастацкіх, тэлевізійных, мультыплікацыйных фільмаў (літаратурныя і рэжысёрскія сцэнары, справы фільмаў, генеральныя каштарысы, альбомы фотапроб, пратаколы мастацкіх саветаў і мн. інш.) дазваляюць азнаёміцца са складаным працэсам вытворчасці фільмаў для самай патрабавальнай аўдыторыі – дзяцей і падлеткаў. Шчырыя намаганні рэжысёраў і здымачных груп стварыць сапраўды цікавае і пазнавальнае кіно для дзяцей (напрыклад, “з музыкай, роварамі, пагонямі, газіроўкай, марожаным, клоўнамі і мядзведзямі, з бегатнёй, пабітымі каленкамі, цікаўнымі вачыма і, зразумела, вясёлымі песнямі” паводле Дз. Драгунскага) зафіксаваны ў шматлікіх дакументах фонда №112  “Кінастудыя Беларусьфільм”.

 Выстава “Беларусьфільм” пра дзяцей і для дзяцей” будзе даступна для прагляду ў чытальнай зале БДАМЛМ, 1 паверх.

Вул. Кірылы і Мяфодзія, 4

Даведкі па тэлефоне: 316-47-81