07.06.2024

ПРЭС-РЭЛІЗ

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Навуковы і метадычны часопіс “Роднае слова”

Саюз пісьменнікаў Беларусі

ПРЭС-РЭЛІЗ

12 чэрвеня а 15-й гадзіне ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбудзецца круглы стол “Васіль Быкаў. Шляхі і перспектывы даследавання і інтэрпрэтацыі творчасці: Да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі”.

З імем Васіля Быкава звязваецца ўяўленне пра пісьменніка, які “адкрываў свету праўду пра тое, што такое вайна ў яе сапраўдным абліччы” (М. Тычына). Творчасць аднаго з самых вядомых аўтараў у свеце набывае асаблівае гучанне ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Спікерамі круглага стала стануць прадстаўнікі навукова-асветніцкай  грамадскасці, у тым ліку аўтары нумара-альманаха часопіса “Роднае слова”, прымеркаванага да стагоддзя народнага пісьменніка Беларусі, – біёграфы празаіка, літаратура- і мастацтвазнаўцы, літаратары, архівісты, супрацоўнікі вядучых літаратурных і мастацкіх музеяў, якія падзеляцца сучасным поглядам на асэнсаванне асобы і спадчыны Васіля Быкава.

Асаблівая ўвага будзе звернута на магутны выхаваўчы патэнцыял прозы Васіля Быкава, без якой цяжка ўявіць вывучэнне трагічнай і пераможнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай школе.

Падчас мерапрыемства адбудзецца адкрыццё выставы “Сам-насам з вечнасцю”, падрыхтаванай паводле матэрыялаў, што захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. А таксама будуць прадстаўлены самыя адметныя публікацыі майскага нумара-альманаха “Роднага слова”, якія ўводзяць у навуковы зварот невядомыя малюнкі пісьменніка, рэдкія фотаздымкі і самы поўны на сёння збор сяброўскіх шаржаў на Васіля Быкава.    

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 316 47 81; +375 (17) 263 34 79

Адрас: вул. Кірылы і Мяфодзія, 4