Дэпартамент па архівах і справаводству
Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
ПРЭС-РЭЛІЗ
22 красавіка 2024 года а 15-й гадзіне Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва запрашае на мерапрыемства з адкрыццём дакументальнай выставы “Думка. Адкрытасць душы. Пачуццё…”, – прысвечанае 90-годдзю акцёра, народнага артыста Беларусі Юрыя Фёдаравіча Ступакова (24.03.1934 – 24.10.1999).
Вядомы акцёр, які выконваў драматычныя і характарныя ролі, прысвяціў вялікую частку свайго творчага жыцця служэнню ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага. Яго ролі – старшына Васкоў (“А зоры тут ціхія…” Б. Васільева, 1971), Крыспен (“Адзіны нашчадак” Ж. Рэн’яра, 1974), Бос Фінлі (“Салодкагалосая птушка юнацтва” Т. Уільямса, 1976), Немец (“Вяртанне ў Хатынь” паводле А. Адамовіча, 1977), таварыш Пабеданосікаў (“Баня” У. Маякоўскага, 1977), Карніла (“Знак бяды” паводле В. Быкава, 1985), Іван Ільіч (“Ноч ангела” А. Разанава, 1987) і многія іншыя – былі з удзячнасцю прынятыя тэатральнай публікай.
Найбольш значныя кінаролі Юрыя Ступакова – Камандзір (“Зімародак”, Беларусьфільм, 1972), генерал-маёр Віхраў (серыял “Дзяржаўная мяжа”, Беларусьфільм, 1982–1986), Ціхаміраў (галоўная роля, “Культпаход у тэатр”, Беларусьфільм, 1982), Рокатаў (міні-серыял “Мяжа магчымага”, Экран, 1984), Дзееў (галоўная роля, “Закон”, Мосфільм, 1989), повар Сцяпан (“Пракляты ўтульны дом”, Беларусьфільм, 1998).
Выстава “Думка. Адкрытасць душы. Пачуццё…” прэзентуе архіўныя дакументы з фонду як самога Юрыя Фёдаравіча, так і яго сяброў, калег, сучаснікаў (сярод якіх можна дадаць акцёраў – А. Саннікава, Р. Янкоўскага, А. Клімавай, П. Кармуніна, Л. Крука).
Вул. Кірылы і Мяфодзія, 4 (чытальная зала БДАМЛМ)
Даведкі па тэлефоне: 316-47-81