Міжнародны дзень мастака (у рамках сумеснага праекта з Рэспублікай Татарстан «Дзень у гісторыі»)

У рамках сумеснага праекта з Рэспублікай Татарстан «Дзень у гісторыі» ў адпаведнасці з Планам мерапрыемстваў на 2024 год ад 10.01.2024 Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва напярэдадні святкавання Міжнароднага дня мастака прапануе азнаёміцца з дакументамі савецкага графіка, члена Саюза мастакоў БССР Ібрагіма Рафаілавіча Гембіцкага (1900 — 1974). Яго асабістая справа знаходзіцца ў фондзе Беларускага саюза мастакоў (да 1991 г. – Саюз мастакоў БССР), а ілюстрацыі і некаторыя работы – у асабістым фондзе беларускага жывапісца і графіка Мікалая Васільевіча Дучыца, які ў свой час збіраў творы калег.

У 30-я гады XX ст. у графіку прыйшла цэлая плеяда таленавітых мастакоў. Сярод іх быў і Ібрагім Гембіцкі. Нарадзіўся ён у горадзе Мінску ў сям'і беларускіх татараў. З аўтабіяграфіі вядома, што бацька будучага мастака займаўся земляробствам, маці вяла хатнюю гаспадарку.

У 1913 г. Ібрагім паступіў у рамеснае вучылішча па слясарнай спецыяльнасці, але ў сувязі з Першай сусветнай вайной і эвакуацыяй вучылішча ў 1914 г. навучанне скончылася. У 1916 г. уладкаваўся ў Чыгуначную друкарню вучнем-наборшчыкам, дзе працаваў да нямецкай акупацыі Мінска ў 1918 г.

Маляваннем і жывапісам І.Гембіцкі займаўся самастойна, у вольны ад працы час. Яго работы ўпершыню з'явіліся ў 1921 г. на I мастацкай выставе ў Мінску. Пасля гэтага прафсаюз друкароў накіраваў маладога чалавека на вучобу ў вышэйшыя мастацка-тэхнічныя майстэрні (ВХУТЕМАС) ў Маскву. З-за адсутнасці сярэдняй адукацыі Гембіцкага прынялі толькі на рабфак. Цяжкае матэрыяльнае становішча сям'і не дазволіла Ібрагіму атрымліваць далейшую адукацыю і праз тры гады ён вымушаны быў вярнуцца ў Мінск да бацькоў.

Працаваў наборшчыкам у друкарні імя Сталіна. Толькі ў 1931 г. І.Р.Гембіцкі зноў паехаў у Маскву прафесійна вучыцца жывапісу і паступіў на выдавецкі факультэт паліграфічнага інстытута (спецыяльнасць – мастак-графік), пазней рэарганізаванага ў Інстытут выяўленчых мастацтваў. Яго настаўнікамі ў Маскве былі вядомыя мастакі У.А.Фаворскі і А.Д.Ганчароў. Ужо ў дыпломнай працы – ілюстрацыі да аповесці Я.Коласа "Дрыгва" (1938) І.Гембіцкі паказаў сябе здольным гравёрам. Па матывах "Дрыгвы” былі выкананы чатыры дрэварыты: “Засада”, “Партызаны”, “Гарыць маёнтак”, “Нашэсце". Усе гэтыя работы ў 1938 г. былі набыты графічным кабінетам Дзяржаўнага музея мастацтваў імя А.С.Пушкіна ў Маскве. Па заканчэнні інстытута І.Р.Гембіцкі вярнуўся ў Мінск на пасаду мастака ў выдавецтве БССР. У 1939 – 1940 гг. працаваў над стварэннем серыі гравюр «Разгром бела-польскіх акупантаў». Гэтыя работы экспанаваліся на выставе «Ленін – Сталін – арганізатары беларускай дзяржаўнасці». За ўдзел у выставе мастак быў узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Падчас вайны Ібрагім Рафаілавіч Гембіцкі не паспеў эвакуявацца і апынуўся ў акупаваным Мінску. Цудам ацалелі яго даваенныя работы. Папку з імі ён закапаў у садзе пад яблынямі. Пасля вайны І.Р.Гембіцкі працягваў займацца творчасцю, прымаў актыўны ўдзел у мастацкіх выставах. Да больш значных работ гэтага перыяду можна аднесці "Чырвоны абоз – хлеб дзяржаве» (1947), «Збор ураджаю» (1952), «Будынак палітэхнічнага інстытута ў Мінску» (1953), "Мінскі жалезабетонны завод" (1958).

Каталог выставы пейзажу. Друкаванае выданне. Мн. 1945 Ф. 382. Воп. 1. Адз. зах. 54. Л. 1
І.Р.Гембіцкі. Ілюстрацыі да аповесці Я.Коласа “Дрыгва”. Дыпломная праца. Папера, ксілаграфія, гранкі. 1938. Ф. 465. Воп. 1. Адз. зах. 259. Л. 4
І.Р.Гембіцкі. [Эцюд] [1950-е гг.] Ф. 465. Воп. 1. Адз. зах. 261. Л. 1
І.Р.Гембіцкі. Нацюрморт з кветкамі. Папера, [ксілаграфія] [кан.1930] Ф. 465. Воп. 1 Адз. зах. 260. Л. 1
І.Р.Гембіцкі. Ілюстрацыі да аповесці Я. Коласа “Дрыгва". Дыпломная праца. Папера, ксілаграфія, гранкі. 1938. Ф. 465. Воп. 1 Адз. зах. 259. Л. 2
І.Р. Гембіцкі. Ілюстрацыі да аповесці Я. Коласа “Дрыгва". Дыпломная праца. Папера, ксілаграфія, гранкі. 1938. Ф. 465. Воп. 1. Адз. зах. 259 Л. 1
І.Р.Гембіцкі. «Прыгарад». Кампазіцыя. Папера, гуаш. 1933. Ф. 465. Воп. 1. Адз. зах. 258. Л. 1
Каталог выставы пейзажа. Друкаванае выданне.Мн. 1945. Ф. 382. Воп. 1. Адз. зах. 54. Л. 2
Выпіска з асабістай справы аб удзеле І.Р.Гембіцкага ў выставах Саюза мастакоў БССР. [1950-ыя гг.] Ф. 82. Воп. 2. Адз. зах. 20. Л. 12
Аўтабіяграфія І.Р.Гембіцкага – члена Саюза мастакоў БССР [1950-ыя гг.] Ф. 82. Воп. 2. Адз. хр. 20. Л. 9
Уліковая картка члена Саюза мастакоў БССР І.Р.Гембіцкага. [1950-ыя гг.] Ф. 82. Воп. 2. Адз. зах. 20. Л. 7
Фотаздымак І.Р.Гембіцкага [1950-ыя гг.]. Ф. 82. Воп. 2. Адз. зах. 20. Л. 7а