25.09.2025

Запрашэнне на прэзентацыю кнігі «Породнённые войной и целиной»

30 верасня 2025 года ў 16.00 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на прэзентацыю кнігі «Породнённые войной и целиной». Выданне прадстаўляе сабой вынік сумеснага праекта Міністэрства культуры і інфармацыі Рэспублікі Казахстан, Саюзаў пісьменнікаў Казахстана і Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

 

Кніга распавядае пра казахска-беларускія сувязі і кантакты ў галіне літаратуры, якія зарадзіліся ў 1936 годзе, калі ў Мінску адбыўся пленум Саюза пісьменнікаў СССР. Дзякуючы знаёмству і сяброўству паміж пісьменнікамі Беларусі і Казахстана, творы Янкі Купалы і Якуба Коласа загучалі па-казахску, а імёны казахскіх майстроў пяра Джамбула і Ільяса Джансугурава сталі блізкімі і дарагімі сэрцу беларускіх чытачоў.

Вялікая Айчынная вайна ў значнай ступені перашкодзіла беларуска-казахскім літаратурным сувязям, але поўнасцю яны не перарываліся. У гады вайны Казахстан стаў домам для тысячы эвакуяваных беларусаў, у тым ліку дзеячаў нашай культуры – Янкі Маўра, Петруся Броўкі, Ларысы Александроўскай.

Казахстан не быў закрануты вайною, але сярод воінаў Чырвонай Арміі і партызан, якія мужна змагаліся з фашыстамі на тэрыторыі Беларусі, было нямала казахаў. Са зброяй у руках незалежнасць радзімы абаранялі выдатныя казахскія пісьменнікі – Адзі Шарыпаў, Жубан Мулдагаліеў, Сагінгалі Сеітаў.

 У пасляваенныя гады казахска-беларускія літаратурныя кантакты множыліся і пашыраліся. Па-беларуску загучалі творы Таіра Жарокава, Сырбая Маўленава, Мухтара Аўэзава, на казахскую мову былі перакладзены вершы і апавяданні  Петруся Броўкі, Змітрака Бядулі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Янкі Брыля, Івана Шамякіна і іншых.  Узаемная перакладчыцкая дзейнасць на працягу доўгіх гадоў уносіла новыя фарбы ў публікацыі і кнігі пісьменнікаў Беларусі і Казахстана, садзейнічаючы кроскультурнаму дыялогу і супрацоўніцтву.