31.10.2024

XXII Архіўныя чытанні ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва

30 кастрычніка 2024 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбыліся XXII Архіўныя чытанні «Супрацоўніцтва ў захаванні сацыяльнай памяці», прысвечаныя трыццацігоддзю прыняцця закона «Аб архіўнай справе і справаводстве ў Рэспубліцы Беларусь».

У іх прынялі ўдзел звыш 30 спецыялістаў у галіне архіўнай і музейнай справы, навуковых і адукацыйных устаноў, такіх як БелНДІДАС, БДАКФФД, БДУ, БДУКМ, БДТУ, Інстытут гісторыі і Інстытут мовазнаўства НАН Беларусі, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, літаратурныя музеі Максіма Багдановіча і Петруся Броўкі, гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”, Лідскі гісторыка-мастацкі музей, Дзяржаўны архіў Магілеўскай вобласці, Занальны дзяржаўны архў у г. Глыбокае і інш.

Архіўныя чытанні штогод арганізуюцца ў БДАМЛМ з 2002 г., з’яўляюцца важнай пляцоўкай для навукова-тэарэтычнага і практычнага абмеркавання супольных здабыткаў і праблем і накіраваны на далейшае паспяховае развіццё супрацоўніцтва даследчыкаў, якія маюць дачыненне да архіўнай справы. У прывітальнай прамове дырэктар БДАМЛМ Алена Аляксандраўна Макаранка падкрэсліла важнасць працы ўдзельнікаў чытанняў для ўсяго беларускага грамадства, павіншавала прысутных з юбілеем прыняцця Закона аб архіўнай справе і справаводстве.

Сярод найбольш абмяркоўваемых выступленняў стаў пленарны даклад «Сотрудничество архивов, музеев, библиотек в деле накопления, сохранения и использования документальной памяти белорусского народа» прафесара кафедры крыніцазнаўства БДУ М.Ф. Шумейка, у якім былі паказаны з аднаго боку традыцыйнасць, а з іншага – плён дыскусій, якія ўжо болей за стагоддзе суправаджаюць супрацоўніцтва работнікаў айчынных архіваў, музеяў і бібліятэк. Ганаровы архівіст Беларусі Г.В. Запартыка прадэманстравала перавагу візуальнага падыходу ў даследаванні мінулага на прыкладзе малавядомых фотаздымкаў беларускай паэтэсы Цёткі (Алаізы Пашкевіч). У канцы выступлення яна перадала на захаванне эпісталярныя дакументы стогадовай даўніны беларускага паэта Юркі Лявоннага (Л.М. Юркевіча).

Частка дакладаў была прысвечана дзейнасці выбітных беларускіх дзеячоў літаратуры і мастацтва Ю. Пэна, М. Лынькова, А. Куляшова, Я. Шабана і інш. Навукова-практычныя дыскусіі разгарнуліся вакол праблемы эфектыўнага выкарыстання архіўных матэрыялаў для рэканструкцыі іх жыцця і творчасці.

Удзельнікі чытанняў канстатавалі неабходнасць далейшага шырокага выкарыстання міждысцыплінарных падыходаў і міжгаліновых практык у справе архіўных даследаванняў і перадачы сацыяльнай памяці.