Дні і ночы Івана Навуменкі

Іван Якаўлевіч Навуменка (1925—2006) — адзін з найбольш слынных беларускіх пісьменнікаў другой паловы XX ст., гісторык і тэарэтык беларускай літаратуры.

 

Ён нарадзіўся 16 лютага 1925 г. у мястэчку Васілевічы (у нашы дні горад раённага падпарадкавання ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці) у сям'і рабочага. У гады Вялікай Айчыннай вайны сямнаццацігадовы юнак далучыўся да антыфашысцкага падполля, удзельнічаў у партызанскай барацьбе. Пасля вызвалення ўсходняй часткі Беларусі ў снежні 1943 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. Ваяваў на Карэльскім перашыйку, на тэрыторыі Польшчы і Германіі. На фронце быў старшынёй роты разведкі. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 г. працаваў у раённых і абласной газетах, у рэспубліканскай «Звядзе». У 1953 г. стаў загадчыкам аддзела прозы ў часопісе «Маладосць».

З 1958 г. выкладаў на філалагічным факультэце БДУ, займаў пасады прафесара і загадчыка кафедры беларускай літаратуры. У 1973 годзе ўзначаліў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. Пазней абіраўся віцэ-прэзідэнтам і дарадчыкам прэзідыўма Акадэміі. У 1985 — 1990 гг. быў старшынёй Вярхоўнага Савета БССР.

Падобна іншым прадстаўнікам «франтавога» пакалення беларускай літаратуры Іван Якаўлевіч Навуменка прысвяціў значную частку сваёй творчасці падзеям Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку аповесць «Сямнаццатай вясной» (1957), раманы «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1974), «Смутак белых начэй» (1980). Разам з гэтым, яму належаць крытычныя літаратуразнаўчыя працы «Пісьменнікі-дэмакраты», «Янка Купала: Духоўны воблік героя», «Якуб Колас: Нарыс жыцця і творчасці», «Элементы міфалогіі ў паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа» і інш.

Сучаснікі прыгадвалі Івана Якаўлевіча Навуменка як заўсёды дзейснага і працавітага чалавека. Сам Іван Якаўлевіч аднойчы патлумачыў гэта так: «Працоўны дзень пісьменніка цяжка вымераць рамкамі звычайных сямі ці васьмі гадзін. Гэтым я хачу сказаць, што творчая праца ідзе не толькі тады, калі пісьменнік сядзіць за сваім сталом» (1963).

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва прадстаўляе падборку ўнікальных дакументаў, якія характарызуюць жыццёвы шлях і творчыя будні пісьменніка і навукоўца. Сярод іх — фатаздымкі розных гадоў, чарнавік ўспамінаў пра школьныя перадваенныя гады, варыянт рамана «Смутак белых начэй», выпіскі для навуковых артыкулаў. Віртуальную выставу завяршаюць лісты чытачоў, якія дэманструюць іх сапраўды шчырае стаўленне да любімага пісьменніка. Спадзяемся, што з іх дапамогай вы здоляеце адказаць для сябе на пытанне, у чым быў сакрэт дзейснасці гэтага незвычайнага таленавітага чалавека.

Дні і ночы Івана Навуменкі