За апошнія сто гадоў Беларусь багата змяняла сваё культурнае, палітычнае, эканамічнае і сацыяльнае аблічча. “Адліга” Новай эканамічнай палітыкі, тэрор і “зацягванне гаек” 1930-х, патрыятычны ўздым і цяжар ваенных часоў, пасляваеннае аднаўленне гаспадаркі, брэжнеўская застойная стабільнасць – усе гэтыя этапы, якія ўжо сталі гістарычнымі, адлюстраваліся ў вялікай колькасці крыніц (фотаматэрыялы, справаводства дзяржаўных устаноў, заканадаўчыя акты і інш.). Але, асобна стаіць перыядычны друк – сотні газет і часопісаў, якія чыталі сяляне ў беларускіх вёсках і працоўныя ў гарадах. Калі разглядаць часопіс як люстэрка часу, то можна ўбачыць, як шмат самых розных сведчанняў аб мінулым перапляліся на яго пажоўклых старонках – ад ўрадавых пастаноў да жартаў і загадак.
Часопіс “Бярозка” пачаў выдавацца ў 1924 г. і працягвае свой выпуск да нашых дзён. За перыяд свайго існавання ён прайшоў праз усе акрэсленыя этапы, багата адлюстраваўшы іх асаблівасці. Дарэчы, за апошняе стагоддзе часопіс тройчы змяняў сваю назву. Першай з іх у 1924 г. была “Беларускі піонэр”. Піянеры і школьнікі сапраўды прымалі ўдзел у яго выданні. З самога пачатку часопіс меў яўную ідэалагічную накіраванасць. На яго вокладцы і старонках часцяком змяшчаліся партрэты савецкіх правадыроў, яны паказваліся як любячыя бацькі для дзяцей усёй краіны. Публікаваліся заклікі да змагання за першыя пяцігодкі, сацыялістычныя перамогі. Але разам з гэтым “Бэларускі піонэр” апавядаў аб дзеячах беларускай гісторыі і культуры (напрыклад, артыкул “Францыск Скарына – першы беларускі вучоны і друкар”, “Беларускі піонэр” №11, лістапад 1925), друкаваў мастацкія і забаўляльныя творы. Важную ролю адыгрывала абмяркаванне праблем піянерскіх арганізацый:
“[Піянерскі] атрад працуе кепска, бо ня мае добрага правадыра. Правадыр, які прыехаў да нас з гораду, зрабіў толькі тое, што выбраў чатырох камсамольцаў і сказаў ім: “працуйце!”, а сам і носу не кажа”.
“У нашым атрадзе памошнік правадыра атраду дае вельмі кепскія прыклады піянерам: пры піянерах гуляе з дзяўчатамі, лаецца кепскімі словамі (…)”.
У дзесятым нумары за май 1928 г. апавядалася, як у атрадзе імя Рыкава піянеры ладзілі касцюмаваную вечарыну (“гарнітураваны вечар”). З дапамогай матуль яны шылі сабе касцюмы, самі абіралі сабе аблічча.
З 1929 г. часопіс выдаваўся пад новай назвай – “Іскры Ільіча”. Але арыенцір заставаўся нязменным: асноўным колам чытачоў былі беларускія піянеры. З пункту гледжання сённяшнега часу цікава і нават сентыментальн выглядаюць перадваенныя адукацыйныя матэрыялы. Дзецям прапаноўвалася зрабіць постаць папугая з тонкай фанеры ці картону, змайстраваць са старой скрыні хатні цір. Апавядалася аб з’явах прыроды, “адчаго бывае дождж і снег”, пералічваліся віды драпежных рыб Паўднёвай Афрыкі, Фларыды, Мексіканскага заліва (“Іскры Ільіча” №6–7, чэрвень-ліпень 1940).
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны выданне перарвалася. У чэрвені 1945 г. часопіс выйшаў з новай нейтральнай назвай “Бярозка”. У ім актыўна прадстаўлялася ваенная і ваенна-гістарычная тэматыка, постаці сучаснасці атаесамляліся з постацямі мінулага. “Вялікі палкаводзец” – такі эпітэт выкарыстоўваўся ў дачыненні да І.В.Сталіна, што павінна было наблізіць яго да старажытнарускіх князёў-абаронцаў накшталт Аляксандра Неўскага, які змагаўся з ворагамі з захаду. Знайшлося месца і для дзяцей-герояў, тых, хто быў узнанароджаны медалямі “За адвагу” і “За перамогу над Германіяй”.
Пасля вайны часопіс “Бярозка” працягваў публікаваць артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў (Цётку, Каруся Каганца, Янку Купалу), змяшчаў матэрыялы аб старажытнай гісторыі Беларусі (выдатным прыкладам з’яўляецца артыкул В. Волькага “Брацкія плямёны” пра крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў), знаёміў сваіх чытачоў з творчасцю Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Янкі Маўра, Пятра Глебкі і інш.
У канцы XX стагоддзя змест часопісу вельмі змяніўся, стаў цалкам арыентавацца на патрэбы дзіцячай аўдыторыі, прычым сучаснай аўдыторыі, якая жыве ў век інтэрнету і жадае знаёміцца з глабальнымі тэндэнцыямі. Так, у адным з нумароў за 2023 г. можна знайсці артыкул пра ляльку Барбі. Надзвычайная цікавасць да яе была выклікана паспяховым пракатам фэнтэзійнай камедыі Грэты Гервіг. “Па даных платформы TAG Wolk, калекцыі вясна–лета 2024 на 80% складаліся з ружовага колеру. Таму смела можна сказаць, што барбіколер з намі яшчэ не на адзін сезон” – заўважала аўтар артыкула. Што ж, пройдзе пэўны час, і навіна пра “барбіколер” зойме сваё месца ў бясконцым шэрагу інфармацыі па гісторыі беларускага друку.
Нягледзячы на ўсе змены, “Бярозка” не перарывае добрыя традыцыі. Як і сто гадоў таму, яна выдаецца на беларускай мове, спавядае прафесійны падыход, а таму заўсёды сур’ёзна адносіцца да надзённых праблем дзяцей – сваіх галоўных і вельмі крытычных чытачоў.
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва зычыць часопісу “Бярозка” не спыняць сваёй плённай працы і надалей радаваць сваімі публікацыямі дзяцей і дарослых!
Выстава падрыхтавана: Крупко Марат, студэнт 2 курса Гістарычнага факультэта БДУ для bdamlm.by