У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі працуе выстава “Пявучых гукаў уладар”, прысвечаная знакамітаму спеваку Міхасю Забэйду-Суміцкаму, 120-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася сёлета.
Згодна з завяшчаннем артыста, які другую палову жыцця пражыў у Празе, яго асабісты архіў быў перададзены на захаванне ў Беларусь. На сённяшні дзень фонд М. Забэйды-Суміцкага ў БДАМЛМ (№ 293) налічвае 451 адзінку захоўвання. Вялікую частку фонду складае канцэртны рэпертуар спевака: арыі, арыёза, урыўкі з опер, рамансы, серэнады, санеты, песні для хора, голасу з фартэпіяна на беларускай, італьянскай, нямецкай, польскай, рускай, чэшскай мовах. Багата прадстаўленыя таксама перапіска, матэрыялы да біяграфіі артыста, афішы, праграмы, запрашальныя білеты, фотаздымкі.
Дакументы асабістага фонду і склалі аснову выставы. Яе стэнды адлюстроўваюць пэўныя этапы жыцця і творчасці М. Забэйды-Суміцкага: “Шэйпічы. Маладзечна. 1900 – 1918”, “Сібір. Маньчжурыя. 1918 – 1932”, “Італія. 1932 – 1935”, “Польшча. Заходняя Беларусь. 1935 – 1940”, “Чэхаславакія. 1940 – 1981”, “…Песня стала маёй мовай…”, “З Беларуссю ў сэрцы”. Экспануюцца таксама выданні з асабістай бібліятэкі спевака (частка – з дароўнымі надпісамі) і асабістыя рэчы: партфель, партманет, узнагародная стужка, вымпел.
3 лістапада 2020 г.