×

Увага

There was a problem rendering your image gallery. Please make sure that the folder you are using in the Simple Image Gallery Pro plugin tags exists and contains valid image files. The plugin could not locate the folder: media/k2/galleries/3306

Да 120-годдзя акцёра Сцяпана Бірылы

У гісторыю беларускага тэатра Сцяпан Сцяпанавіч Бірыла (14.08.1903, Мінск – 15.07.1978, Мінск) увайшоў акцёрам вялікай культуры з непаўторным талентам і багатым сцэнічным вопытам. Фонд № 238, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, з’яўляецца багатай крыніцай дакументальных звестак пра творчую і грамадскую дзейнасць як самога юбіляра гэтага года, так і яго сям’і (уваходзяць таксама дакументы актрыс Ліцкай З.Я. і Сянько А.І.).

Пасведчанне аб нараджэнні 1 жніўня 1903 года (па ст. ст.), выдадзенае 02.04.1929 г., у звестках “аб бацькох” “нарадзіўш[агася] Сьцяфана Бірыллы”, называе Сьцяфана і Аляксандру Бірыллаў з г. Менска; на адвароце дакумента невыпадкова дапісана важная ў той час інфармацыя пра іх “класавае” паходжанне: “Бацькі гр. Бірылла Сьцяфана па мэтрычнай кнізе сяляне [Ві…скай] воласці”. У Мінску бацькі былі служачымі, што дазволіла аддаць сына ў прэстыжную на той час Мінскую мужчынскую гімназію. Грамадзянская вайна паўплывала на лёс сям’і Бірылаў, як і многіх іншых беларусаў. Шлях у тэатр Сцяпана Бірылы распачаўся ў 15-гадовым узросце і рушыў праз сцэны Волагды і Архангельска, а затым ужо Віцебска, Гомеля, Мінска.

Добрыя вонкавыя дадзеныя, сцэнічнае ўменне выяўляць палкасць, прывабнасць, юнацкую энергію, шчырасць пачуццаў разам з часам залішняй эмацыйнасцю і пераймальнасцю дазвалялі маладому Сцяпану выконваць ролі герояў-любоўнікаў на пачатку яго творчай кар’еры. Такім акцёра і заўважыў у 1926 годзе Уладзіслаў Галубок – кіраўнік беларускага вандроўнага тэатра (БДТ-3).

“Гэта быў Галубок, – чытаем ва ўспамінах С. Бірылы, – усёй сваёй постаццю ён неяк нагадваў упраўляючага маёнткам дарэвалюцыйнага часу. Яго довады пра неабходнасць майго пераходу да яго ў тэатр былі такімі пераканаўчымі, што мне, беларусу па нараджэнні, гэтаксама стала зразумела – так, трэба ісці працаваць на ніве беларускага тэатра”. Пішучы ўспаміны аб працы ў трупе У. Галубка, праз многія дзесяцігоддзі Сцяпан Бірыла згадвае атмасферу захаплення агульнай ідэяй развіцця нацыянальнага тэатру, шчырага даверу свайму кіраўніку, гатоўнасці пераадольваць матэрыяльныя і іншыя цяжкасці, згадвае пачаткі НЭПаўскага прадпрымальніцтва ў сферы культуры. Пры гэтым акцёр вылучае асобу У. Галубка як годны прыклад чалавека і шматбаковага прафесіянала: “Галубок у тэатры быў усім. Ён і дырэктар, ён і драматург, ён і акцёр, і рэжысёр, ён і бухгалтар, ён і мастак. У яго былі выдатныя і фінансавыя здольнасці… справы вырашаліся вельмі проста: прыход-расход, а трупа – 30 чалавек – атрымлівала дакладна заробак, і ўсё, што трэба для спектакляў, заўсёды было”. З фотаздымка трупы Беларускага дзяржаўнага вандроўнага тэатра пад кіраўніцтвам У. Галубка 1926-27 гг., што захоўваецца ў фондах БДАМЛМ, на нас глядзяць светлыя і натхнёныя твары артыстаў, сярод іх – Сцяпан Бірыла і яго першая жонка – актрыса Зіновія Ліцкая.

У 1928 г. Сцяпан Бірыла быў запрошаны ў БДТ-1, пазней Тэатр імя Янкі Купалы, які стаў для яго сцэнай на ўсё жыццё. Тут раскрыўся яго талент і вызначылася творчая індывідуальнасць. Прадстаўленыя на выставе фотаздымкі 1929-30-х гг. сцэн са спектакляў БДТ-1 з удзелам С. Бірылы сведчаць аб рознапланавасці яшчэ маладога акцёра. У снежні 1938 г. акцёру было прысуджана званне заслужанага артыста БССР, пра што сведчыць дакумент з фондаў БДАМЛМ, выдадзены С. Бірылу 03.02.1943 г. (пасведчанне артыст атрымаў толькі ў 1946 г.)

У гады Вялікай Айчыннай вайны С. С. Бірыла разам з трупай тэатра працаваў у эвакуацыі ў г. Томску. Сярод узнагарод С.С. Бірылы ваеннага часу – Ганаровыя граматы, якія артыст атрымаў у 1942 і 1944 гадах за ваенна-шэфскую работу ў вайсковых частках.

Паказальна, што разам з актуальнымі грамадзянска-пафаснымі спектаклямі тэатр у гэты час зноў звярнуўся да пастаноўкі п’есы “Паўлінка” Я. Купалы. Жыццярадасная народная камедыя ўспрымалася як сведчанне багатых духоўных сіл беларускага народа, яго нязломнасці і няскоранасці (ёй з 1950 г. звычайна адкрываецца кожны тэатральны сезон купалаўцаў).

С. С. Бірыла быў асістэнтам рэжысёра Л. М. Літвінава, які паставіў спектакль “Паўлінка” Я. Купалы падчас вайны (1944). У фондзе артыста захаваліся рукапісы – рэжысёрскія распрацоўкі спектакля, якія перадаюць думкі стваральнікаў (у т. л. і С. Бірылы) аб п’есе Я. Купалы і яе вобразах, выяўляюць рэжысёрскае бачанне хода спектакля на сцэне, перадаюць атмасферу радасці ў ваенны час ад судакранання з беларускім мастацтвам. Жывы рукапісны тэкст, зроблены рукой Сцяпана Сцяпанавіча адлюстроўвае ход яго думкі, падбор адпаведнага слова. І нават пэўныя закрэсліванні могуць многае сказаць удумліваму даследчыку пра час пастаноўкі п’есы.

Трупа тэатра, перайменаваная ў снежні 1944 г. у Беларускі драматычны тэатр імя Я. Купалы, вярнулася ў вызвалены Мінск з падрыхтаванымі ў эвакуацыі пастаноўкамі, у т. л. “Паўлінкай” і “Прымакамі” Я. Купалы. У фондзе № 238 захавалася Праграма вечара камедыі, прысвечанага паэту (1945), а таксама рукапісны тэкст вядучага вечара С. Бірылы. З дакументаў можна атрымаць важную інфармацыю пра каманду, якая працавала над спектаклямі: выканаўцаў роляў (сярод іх легендарныя артысты У. І. Дзядзюшка, Р. М. Кашэльнікава, Л. І. Ржэцкая, Г. П. Глебаў, У. І. Уладамірскі, С. М. Станюта і мн. інш.), кампазітара Я. К. Цікоцкага, мастака Б. Я. Малкіна і інш. Цікавым удакладненнем у тэксце Праграмы вечара камедыі з’яўляецца шчыры допіс удзячнасці Томскай арцелі “Мастацкая праца”, якая выканала заслону для спектакля.

19.02.1946 г. у сувязі з 25-гадовым юбілеем Дзяржаўнага тэатра імя Янкі Купалы і за шматгадовую работу ў справе развіцця тэатральнага мастацтва Беларусі С. С. Бірыла быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Дакумент ад 18.11.1946 г. захоўваецца ў фондзе артыста.

Акцёру пасавалі вобразы людзей інтэлектуальных, творча адораных, са складанай унутранай арганізацыяй і шчодрым сэрцам, характары якіх Сцяпан Сцяпанавіч паказваў у развіцці. Такімі ў выкананні С. Бірылы былі прафесары Паляжаеў (“Неспакойная старасць” Л. Рахманава), Акаёмаў (“Машачка” А. Афінагенава), Чарнавус (“Хто смяецца апошнім” К. Крапівы), Дзееў (“Гэта было ў Мінску” А. Кучара) і інш.

Знакавая для С. Бірылы роля Якава Каламійцава (“Апошнія” М. Горкага) дазволіла акцёру стварыць складаны арыгінальны вобраз, у характары якога ён падкрэсліў дабрыню і высакародства, але, разам з тым, паказаў надламанасць жыццём, пасіўнасць, бязвольнасць, бездапаможнасць, што, нажаль, прыводзіла да распаду асобы і сям’і.

На працягу многіх гадоў С. Бірыла выконваў ролю гасціннага Вядучага ў легендарным спектаклі “Паўлінка” Я. Купалы.

На віртуальнай выставе з фондаў БДАМЛМ падабраны рознапланавыя характарныя фотаздымкі Сцяпана Бірылы 1950-х, 1960-х і 1970-х гадоў у шматлікіх ролях, сыграных ім у тэатры Я. Купалы, а таксама ў кіно. Усе яны пазначаны прафесійным майстэрствам, добрым густам, дакладным пранікненнем у стылявыя і жанравыя асаблівасці твораў. Узбагачаюць выставу тэксты сыграных роляў з паметамі артыста, а таксама праграмкі спектакляў, на якіх ёсць рукапісныя тэкты прыхільнікаў і сяброў С. Бірылы.

Асобнай тэмай выставы, прысвечанай артысту, стала тэатральнае, грамадскае, а таксама пазасцэнічнае жыццё артыстаў-купалаўцаў. На фотаздымках з фондаў БДАМЛМ можна ўбачыць С. Бірылу ў акружэнні знакамітых калег: падчас адкрыцця тэатральнага сезона, удзелу ў першамайскай дэманстрацыі, на адпачынку ў санаторыях і інш. Унікальным дакументам з’яўляецца нататнік, які вёў С. Бірыла падчас паездкі ў Англію. У дзённікавых запісах зафіксаваны самыя розныя ўражанні савецкага чалавека і артыста ад убачанага ў далёкім і незразумелым капіталістычным свеце.

70-гадовы юбілей С.С. Бірылы адзначаўся на дастойным узроўні. Фонд артыста захоўвае памяць пра гэту знамянальную падзею як у жыцці самога артыста, так і тэатра імя Я. Купалы: фотаздымкі падзеі, віншавальныя адрасы і шчырыя словы прызнання заслуг ад калег і сяброў.

С. С. Бірыла займаўся і рэжысёрскай дзейнасцю, ажыццяўляў уводы акцёраў у спектаклі. Быў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускага тэатральнага таварыства. Ён аўтар артыкулаў пра беларускіх рэжысёраў Л. Літвінава, У. Галубка, Л. Рахленку, Ф. Ждановіча і інш. Зробленае народным артыстам Беларусі Сцяпанам Сцяпанавічам Бірылам назаўсёды засталося ў гісторыі беларускага мастацтва, тэатра, ва ўдзячнай памяці гледачоў.

Над віртуальнай выставай працавалі вядучыя архівісты Мізон Н. А. і Пусцільнік-Марчук Н. Г., архівіст Лабовіч І. А. Жнівень, 2023.

Дакументы, прадстаўленыя на выставе:

  1. 238_2_16_001. Фотапартрэт С.С. Бірылы. (1930-я).
  2. 238_1_145_001-1адв. Пасведчанне аб нараджэнні С.С. Бірылы, выдадзенае Менскім гарадскім аддзяленнем ЗАГС. 1929.
  3. 238_1_204_001. Фотаздымак С.С. Бірылы (2-гі справа стаіць) і З.Я. Ліцкай (першая жонка Бірылы, у 2-гім радзе знізу сядзіць справа 2-гая) сярод артыстаў вандроўнага тэатра У. Галубка (стаіць у цэнтры). 1926-27.
  4. 238­_1_134_003-7-9. Успаміны С.С. Бірылы пра У. Галубка і працу ў яго тэатры ў 1927-28 гг. Аўтограф. 1970-я.
  5. 238_1_81_002. Сцэна са спектакля БДТ-1 “Мост” Я.С. Рамановіча (рэж. Я. Міровіч). С.С. Бірыла ў ролі Сваевіча, В. Пола ў ролі Валі. 1929.
  6. 238_1_83_001 Сцэна са спектакля БДТ-1 “Канец дружбы” К. Крапівы (рэж. Л. Літвінаў, Л. Рахленка). С.С. Бірыла ў ролі Лютынскага, Л. Рахленка ў ролі настаўніка. 1934.
  7. 238_1_82_001. . Сцэна са спектакля БДТ-1 “Жакерыя” П. Мерымэ (рэж. Л. Літвінаў) С.С. Бірыла ў ролі Ксяндза, Антонава ў ролі барона Д’Апрэмона, І.Ф. Ждановіч у ролі Кондрада. 1934.
  8. 238_1_55_001. Фатаграфія С.С. Бірылы ў нявызначанай ролі (“Сімфонія гнева” В. Шашалевіча, рэж. Л. Літвінаў) у БДТ-1. 1935
  9. 238_1_4_001. Тэкст ролі Вашамірскага ( “Салавей” З. Бядулі), сыгранай С.С. Бірылам у БДТ-1. 1937. Машынапіс з паметамі С. С. Бырылы.
  10.  238_1_146_001-3-4. Пасведчанне заслужанага артыста БССР С.С. Бірылы. 1938, 1943, 1946
  11.  238_2_10_001-4. Ганаровыя граматы  С.С. Бірылу. 08.08.1942; 07.09.1944.
  12.  238_1_119_001-3-5-22. Рэжысёрская распрацоўка п’есы Я. Купалы “Паўлінка”, пастаўленай у тэатры імя Я. Купалы (рэж. Л.М. Літвінаў, асістэнт рэж. С.С. Бірыла). 1944-45.
  13.  238_1_120_008. Праграма “Вечара камедыі” тэатра імя Я. Купалы. Мінск. 1945.
  14.  238_1_120_001-1адв. Уступнае слова на “Вечары камедый”  тэатра імя Я. Купалы.1944-45.
  15.  238_1_157_002. Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Бірылу С.С. 18.11.1946.
  16.  238_2_16_002. Фотапартрэт С.С. Бірылы. 1950-я.
  17.  238_2_1_001. Фатаграфія С.С. Бірылы ў ролі Велікатава (“Таленты і прыхільнікі” А.М. Астроўскага, рэж. Л.М. Літвінаў), сыгранай у тэатры імя Я. Купалы. 1950.
  18.  238_1_89_002. С. С. Бірыла ў ролі Батуры ў спектаклі тэатра імя Я. Купалы “Калінавы гай” А. Карнейчука (рэж. П. Сушко). 1950.
  19.  238_2_2_001. Фатаграфія С.С. Бірылы ў ролі Ліпатава (“Залп Аўроры” М. Бальшанцова, М. Чыяурэлі, рэж. І. Судакоў), сыгранай у тэатры імя Я. Купалы. 1952.
  20.  238_1_29_001. Тэкст ролі Гідзеева ( “Каб людзі не журыліся” А. Макаёнка), сыгранай С.С. Бірылам у тэатры імя Я. Купалы. 1958. Машынапіс з паметамі С. С. Бірылы.
  21.  238_2_5_001-2. Пасведчанне народнага артыста С.С. Бірылы. 05.03.1955.
  22.  238_1_104_001. Кадр з тэлеспектакля “Сымон-музыка” Я. Коласа (рэж. У. Кухта). С.С. Бірыла ў ролі дзеда Данілы, П.П. Дубашынскі ў ролі Сымона. 1958.
  23.  238_2_19_001. Артысты Купалаўскага тэатра падчас адпачынку ў санаторыі “Беларусь” (г. Друскенікі). На фота: С.С. Бірыла ў 1 радзе 4-ты злева. 1953.
  24.  238_2_20_002. Фотаздымак падчас адпачынку. -, -, С.Станюта, -, С.С. Бірыла. 1956.
  25.  238_2_22_001. Дэманстрацыя 07.11.1959. На фота: С.С. Бірыла, Т.Н. Аляксеева, В.У. Галіна.
  26.  238_2_23_004 Адкрыццё сезона. 04.09.1963. г. Мінск. На фота: З.Ф. Стома, З.І. Браварская, С.С. Бірыла (пярэдні план), С.М. Станюта (злева), В.М. Пола (справа).
  27.  238_1_178_001 Жартоўны верш-віншаванне С.С. Бірылу з 65-годдзем  ад акцёраў Купалаўскага тэатра. 1968.
  28.  238_1_115_009-10. Праграма спектакля тэатра імя Я. Купалы “Дзесяць сутак за любоў” У. Канстанцінава, Б. Рацэра (рэж. Н. Ліўшыц) з удзелам С.С. Бірылы. Друк, аўтограф Д. Налівайкі. 04.07.1970.
  29.  238_1_44_001. Тэкст ролі Дзеда (“Зацюканы апостал” А. Макаёнка), сыгранай С.С. Бірылам у тэатры імя Я. Купалы. 11.05.1970. Машынапіс з паметамі С. С. Бырылы.
  30.  238_2_4_001. Фатаграфія С.С. Бірылы ў ролі Дзеда (“Зацюканы апостал” А.Я. Макаёнка, рэж. Б.І. Луцэнка ў тэатры імя Я. Купалы). 1971
  31.  238_1_132_008-9. Дзённікавыя запісы С. С. Бірылы пра паездку ў Вялікабрытанію. Аўтограф. 25.08-09.09.1972.
  32.  238_2_24_002 70-годдзе С.С. Бірылы. На фота: В.М. Пола, (А.В. Нікалаева), С.С. Бірыла, З.І. Браварская, -, -, А.В. Сабалеўскі. 1973.
  33.  238_1_181_002 Віншавальны адрас Саюза пісьменнікаў БССР з нагоды 70-годдзя С.С. Бірылы. Машынапіс, рукапіс. 18.08. 1973.
  34.  238_1_182_008 Віншавальны калаж  С.С. Бірылу з 70-годдзем  ад акцёраў Купалаўскага тэатра Л. і Б. Янпольскіх. 1973.
С.С. Бірыла, 1930-я.
Пасведчанне аб нараджэнні С.С. Бірылы, 1903/1929.
Тэатр У. Галубка, 1926-27. Успаміны С.С. Бірылы пра У. Галубка, 1970-я.
Успаміны С.С. Бірылы пра У. Галубка і працу ў 1927-28 яго тэатры, 1970-я
С.С. Бірыла ў ролях Сваевіча (“Мост” Я.С. Рамановіча, рэж. Я. Міровіч, 1929) і Ксяндза (“Жакерыя” П. Мерымэ, рэж. Л. Літвінаў, 1934).
С.С. Бірыла ў нявызначанай ролі (“Сімфонія гнева” В. Шашалевіча, рэж. Л. Літвінаў, 1935) і ролі Лютынскага (“Канец дружбы” К. Крапівы, рэж. Л. Літвінаў, Л. Рахленка, 1934).
Тэкст ролі Вашамірскага ( “Салавей” З. Бядулі), сыгранай С.С. Бірылам у БДТ-1, 1937.
Пасведчанне заслужанага артыста БССР С.С. Бірылы, 1938/1943/1946.
Ганаровыя граматы С. С. Бірылу, 08.08.1942; 07.09.1944.
Рэжысёрская распрацоўка п’есы Я. Купалы “Паўлінка”, пастаўленай у тэатры імя Я. Купалы (рэж. Л. М. Літвінаў, асістэнт рэж. С. С. Бірыла), 1944-45.
Праграма і ўступнае слова да “Вечара камедыі” тэатра імя Я. Купалы, 1944-45.
Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Бірылу С. С., 18.11.1946. С.С. Бірыла, 1950-я.
С.С. Бірыла ў ролі Велікатава (“Таленты і прыхільнікі” А. М. Астроўскага, рэж. Л. М. Літвінаў, 1950) і Ліпатава (“Залп Аўроры” М. Бальшанцова, М. Чыяурэлі, рэж. І. Судакоў, 1952).
Тэкст ролі Гідзеева ( “Каб людзі не журыліся” А. Макаёнка, выконваў С.С. Бірыла, 1958). С. С. Бірыла ў ролі Батуры (“Калінавы гай” А. Карнейчука, рэж. П. Сушко, 1950) і дзеда Данілы (тэлеспектакль “Сымон-музыка” Я. Коласа, рэж. У. Кухта, 1958).
Пасведчанне народнага артыста С.С. Бірылы. 05.03.1955.
Артысты Купалаўскага тэатра падчас адпачынку, 1953, 1956.
С.С. Бірыла з калегамі-купалаўцамі на дэманстрацыі, 07.11.1959 і падчас адкрыцця тэатральнага сезона, 04.09.1963.
Жартоўны верш-віншаванне С.С. Бірылу з 65-годдзем ад акцёраў Купалаўскага тэатра, 1968.
Праграма спектакля тэатра імя Я. Купалы “Дзесяць сутак за любоў” У. Канстанцінава, Б. Рацэра, рэж. Н. Ліўшыц з удзелам С.С. Бірылы, 04.07.1970.
Тэкст ролі Дзеда (“Зацюканы апостал” А. Макаёнка, рэж. Б.І. Луцэнка), 11.05.1970 і С. С. Бірыла ў гэтай ролі, 1971.
Дзённікавыя запісы С. С. Бірылы пра паездку ў Вялікабрытанію, 25.08-09.09.1972.
70-годдзе С.С. Бірылы. Віншавальны калаж ад калег-купалаўцаў, 1973.
Віншавальны адрас Саюза пісьменнікаў БССР з нагоды 70-годдзя С. С. Бірылы, 18.08.1973.
{gallery}3306{/gallery}