Аляксандр Ануфрыевіч нарадзіўся 8 студзеня 1924 г. у сям’і кадравага афіцэра РККА ў Полацку. У час Вялікай Айчыннай вайны змагаўся ў партызанскім атрадзе “Смерць фашызму”, з 1943 г. – камандзір дыверсійнай групы партызанскага атрада “Бальшавік” брыгады імя Варашылава на Віцебшчыне. У 1944—1945 гг. А.А.Савіцкі ў шэрагах рэгулярнага войска ўдзельнічаў у вызваленні Літвы, Польшчы, у баях за ўзяцце Берліна. Быў тройчы паранены. Пасля дэмабілізацыі працаваў у рэдакцыі полацкай газеты “Бальшавіцкі сцяг”.
У 1958 г. скончыў Літаратурны інстытут у Маскве, потым аспірантуру. Літаратурнай дзейнасцю Аляксандр Ануфрыевіч займаўся з 1943 г. Ён аўтар 10 раманаў, 13 аповесцей, шматлікіх апавяданняў. Сярод іх: “След пракладае першы”, “Палын – зелле горкае”, “Верай і праўдай”, “Толькі аднойчы”, “Зямля не раскажа”, “Літасці не чакай”, “Памерці заўсёды паспееш” і інш.
Удзел у адкрыцці Мемарыяльнай дошкі А.А.Савіцкага з’яўляецца данінай павагі БДАМЛМ пісьменніку і чалавеку, які ўнёс значны ўклад у культуру нашай краіны.

