18.12.2024

Сумесны праект БДАМЛМ і выдавецтва «Aufbau Verlag» Германія

Да 80-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны берлінскае выдавецтва “Aufbau Verlag” сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) у канцы 2024 года выдалі зборнік дакументаў «Ales Adamowitsch, Janka Bryl, Uladsimir Kalesnik «Feuer Dörfer. Wehrmachtsverbrechen in Belarus – zeitzeugen berichten» («Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік «Спаленыя вескі. Злачынствы вермахта на Беларусі – сведчанні сучаснікаў»)».

Гэта першы нямецкамоўны пераклад кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі», які змяшчае фотадакументы з фонду Уладзіміра Калесніка, што захоўваюцца ў БДАМЛМ.

«Я з вогненай вёскі» — дакументальны зборнік успамінаў аб знішчэнні гітлераўскімі захопнікамі беларускіх вёсак і аб партызанах падчас Вялікай Айчыннай вайны, сабраны і складзены беларускімі пісьменнікамі Алесем Адамовічам, Уладзімірам Калеснікам і Янкам Брылём.У кнігу ўвайшлі сведчанні толькі тых людзей, якія асабіста перажылі трагедыю спаленых вёсак, забойствы родных і аднавяскоўцаў.

Для апытання відавочцаў пісьменнікі на працягу 1970–1973 гадоў аб’ездзілі з магнітафонам 147 вёсак у 35 раёнах БССР і запісалі ўспаміны больш за 300 непасрэдных удзельнікаў падзей.БДАМЛМ выявіў і прадставіў для публікацыі лічбавыя копіі больш за 80 дакументаў.