05.02.2024

Зацверджана эмблема БДАМЛМ

1 лютага 2024 года на ўрачыстым пасяджэнні калегіі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь дырэктару Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) А.А. Макаранка ўручана пасведчанне ад 17 лістапада 2023 г. № В-1880 аб дзяржаўнай рэгістрацыі афіцыйнага геральдычнага сімвала — Эмблемы БДАМЛМ.

Эмблема архіва-музея прадстаўляе сабой кола сіняга колеру, у цэнтры якога змешчаны выявы – сімвалы літаратуры і мастацтва: аркуш паперы з літарай “А”, кніга, пёравая ручка і пэндзаль у палітры, тэатральныя маскі (камедыя і трагедыя), кінастужка і нотны стан. Унутры кола – надпіс сінім колерам “Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва”.

Гэты сімвал паказвае спецыфіку ўстановы – захаванне нацыянальнай літаратурнай і мастацкай спадчыны; кола (дадаткова) – адзінства, непарушнасць беларускай культурнай традыцыі ў мінулым, сучасным і будучыні, сувязь паміж продкамі, сучаснікамі і нашчадкамі.

Эмблема выканана ў трох колерах: белым (срэбным), сінім (блакітным) і охры. Белы (срэбны) адлюстроўвае чысціню і беззаганнасць беларускай культуры; сіні (блакітны) – вернасць і любоў да Бацькаўшчыны беларускіх творцаў і архівістаў, якія захоўваюць нацыянальны скарб; охра – пыл часу, даўніны.