Па задумке былога настаўніка малявання і кіраўніка драматычнага гуртка тэатр для дзяцей – гэта спалучэнне мастацкай і педагагічнай праграмы, дзе павінны аб’ядноўвацца мастакі сцэны, якія ўмеюць думаць, як педагогі, і педагогі, здольныя адчуваць, як мастакі. Пад кіраўніцтвам М.Кавязіна тэатр творча рос і ўмацоўваўся. Трупа тэатра шмат гастралявала па краіне. У фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) захоўваюцца падзякі тэатру юнага гледача БССР ад Маскоўскага ТЮГа, Маскоўскага Дома піянераў, магілёўскай школы і швейнай фабрыкі імя Валадарскага і інш. Увосень 1933 г. у час паездкі ў Ленінград, рэжысёр Кавязін пазнаёміў акцёраў першага беларускага ТЮГа з калектывам Ленінградскага тэатра юнага гледача і з самім А.Бранцавым, выдатным майстрам сцэны, заснавальнікам і кіраўніком аднаго з першых савецкіх тэатраў для дзяцей. Такая ж сустрэча з абменам вопытам адбылася паміж калектывамі пасляваенных ТЮГаў у 1960 г.
У 1937 г. першы беларускі тэатр для дзяцей ўзначаліў знакаміты рэжысёр і педагог, адзін са стваральнікаў Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы Еўсцігней Міровіч. У 1939-м тэатру юнага гледача БССР было прысвоена імя Н.К. Крупскай. Тэатр быў вядомы не толькі ў Беларусі. Самы малады, ён увайшоў у лік шаснаццаці найлепшых тэатраў краіны, якія паказвалі свае спектаклі на заключным туры Усесаюзнага агляду тэатраў для дзяцей у Маскве у 1940 г. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 г. дзейнасць ТЮГа была спынена, трупа была расфарміравана і часткова эвакуіравана.
У першыя пасляваенныя гады пытанне аб аднаўленні тэатра нават не ўзнікала. Другое нараджэнне тэатра адбылося толькі ў верасні 1955 г., калі быў падпісаны загад Міністра культуры БССР Р.Я.Кісялёва аб стварэнні Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Кіраўніком тэатра быў прызначаны Уладзімір Стэльмах. Загадам Міністра культуры БССР № 556 ад 12 верасня 1955 г. галоўным рэжысёрам Беларускага Рэспубліканскага тэатра юнага гледача ў парадку пераводу з Беларускага Дзяржаўнага Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы была прызначана Любоў Мазалеўская.
Трупа тэатра складалася з выпускнікоў Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, курса Л. Мазалеўскай. У тэатры таксама працавалі акцёры з іншых тэатраў, удзельнікі самадзейнасці і акцёры даваеннага ТЮГа. Рэпертуарны план на IV кв. 1955 г., які уключаў спектаклі “Як гартавалася сталь” А.Астроўскага, “Горад майстроў” Т.Габэ, “Каханне Ані Бярозка” У.Пістоленкі, быў зацвержаны загадам па Міністерству культуры БССР № 626 ад 5 кастрычніка 1955 г. Тэрмін выпуску спектакляў быў разлічаны на снежань 1955 г. Але адкрыццё тэатра некалькі разоў адкладалася. Паводле ліста дырэктара тэатра У.Стэльмаха сакратару ЦК КПБ заканчэнне будаўніцтва тэатра зацягвалася з-за нездавальняючай працы будаўнічай арганізацыі. У выніку ўрачыстае адкрыццё Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача адбылося 8 красавіка 1956 г.
За першыя гады існавання тэатр стварыў шмат спектакляў для розных узростаў, уключаючы казкі для маленькіх гледачоў, героіка-патрыятычныя і сучасныя маладзёжныя спектаклі для падлеткавай аудыторыі, а таксама класіку. Так у 1956 г., к пачатку другога сезона, быў пастаўлены спектакль “Мінулася кату масленіца” А.Астроўскага, а ў 1960 г. — спектакль “Рэвізор” М.Гогаля.
Значная роля ў стварэнні беларускага нацыянальнага рэпертуару належыць Л.Мазалеўскай, рэжысёру другога ТЮГа. Яна пачала шырокае супрацоўніцтва тэатра з малавядомымі, але таленавітымі беларускімі драматургамі. У 1957 годзе была пастаўлена п'еса маладога настаўніка з Віцебска Я.Пасава "Аркадзь Жыгалкін", услед за ёй дэбютавалі А.Гутковіч і В.Хазанскі з п'есай "Юныя мсціўцы", затым І.Шамякін з п'есай "Не верце цішыні", А.Вольскі і П.Макаль з п'есай "За лясамі дрымучымі" і інш. Асабліва цёпла і сардэчна быў прыняты гледачамі спектакль “Папараць-кветка” маладога драматурга І.Козела, пастаўлены таксама у 1957 г. Гэты спектакль з выкарыстаннем абрадавых сцэн, народных песень, танцаў стаў новым словам у беларускім сцэнічным мастацтве. Яркай нацыянальнай своеасаблівасцю адрознівалася і іншая п'еса І.Козела ў пастаноўцы Л.Мазалеўскай «Над хвалямі Серабранкі» (1961 г.).
Сёняшні тэатр юнага гледача працягвае традыцыі папярэднікаў, захоўвая сваю індывідуальнасць і асаблівую атмасферу творчасці. Сучасны ТЮГ прапануе насычаны рэпертуар як для дзяцей, так і для дарослых. Творчае майстэрства акцёраў, найцікавейшыя пастаноўкі сцвярджаюць, што і цяперашні ТЮГ застаецца тэатрам асаблівага прызначэння.
Спіс дакументаў для выставы “ТЮГ — 70 гадоў падарожжа ў казку”
1. Падзяка магілёўскай школы і швейнай фабрыкі імя Валадарскага Першаму Беларускаму тэатру юнага гледача (ТЮГ) за культурна-шэфскую працу. Аўтограф. 20 снежня 1934 г.
Ф. 111. Воп. 1. Адз. зах. 109. Лл. 3,3адв,4.
2. У. Стэльмах. Фотаздымак. Пач. 1960-х.
Ф. 111. Воп. 1. Адз. зах. 77а. Л. 2.
3. Загад міністра культуры БССР аб назначэнні Л. Мазалеўскай галоўным рэжысёрам ТЮГа БССР. Машынапіс. 12 верасня 1955 г.
Ф. 80. Воп. 1. Адз. зах. 1. Л. 23.
4. Загад намесніка міністра культуры БССР аб зацвярджэнні рэпертуарнага плана ТЮГа на IV кв. 1955 г. Машынапіс. 5 кастрычніка 1955 г.
Ф. 80. Воп. 1. Адз. зах. 1. Л. 21.
5. Ліст дырэктара ТЮГа У. Стэльмаха сакратару ЦК КП Беларусі аб паскарэнні тэмпаў будаўніцтва будынка тэатра і выдзяленні кватэр для артыстаў. Машынапіс. 1955.
Ф. 80. Воп. 1. Адз. зах. 1. Л. 77.
6. На адкрыцці ТЮГа разам з удзельнікамі мерапрыемства дырэктар ЦДТ, прэзідэнт міжнароднай асацыяцыі тэатраў для дзяцей і юнацтва (АСІТЭЖ) К.Я. Шах-Азізаў і загадчыца кабінета дзіцячых тэатраў УТТ М.І. Пукшанская. Фотаздымак. 8 красавіка 1956 г.
Ф. 111. Воп. 1. Адз.зах. 87. Л. 1.
7. Сцэна са спектакля “Горад майстроў” Т.Габбе (рэж. Л.Мазалеўская) з удзелам У.Бузука (у ролі герцага дэ Малікорна) і В.Окалава (у ролі Мушарона старэйшага). Фотаздымак. 1956.
Ф. 292. Воп. 1. Адз. зах. 179. Л. 1
8. Сцэна са спектакля “Мінулася кату масленіца” А.Астроўскага (рэж. Л.Мазалеўская) з удзелам В.Окалава (у ролі Ярміла Зотавіча Ахава), Р.Маленчанка (у ролі Агніі), М.Міцкевіч (у ролі Дар’і Федасееўны Кругловай), А.Бяляева (у ролі Іпаліта). Фотаздымак. 1956.
Ф. 292. Воп. 1. Адз. зах. 180. Л. 1
9. Сцэна са спектакля “Рэвізор” М.Гогаля (рэж. Л.Мазалеўская) з удзелам Б.Барысёнка (у ролі Бобчынскага), А.Бяляева (у ролі Добчынскага), Б.Піскуна (у ролі Ухавёртава), В.Окалава (у ролі Землянікі), Л.Міхайлава (у ролі Хлопава). Фотаздымак. 1960. Ф. 292. Воп. 1. Адз. зах. 190. Л. 3.
10. У.Стэльмах сярод калектываў Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача і Ленінградскага тэатра юнага гледача з А.Бранцавым, заснавальнікам і кіраўнікам аднаго з першых савецкіх тэатраў для дзяцей. Фотаздымак. 1960.
Ф. 111. Воп. 1. Адз. зах. 93. Л. 1.
11. Сцэна са спектакля “Папараць-кветка” І.Козела (рэж. Л.Мазалеўская). Фотаздымак. 1957.
Ф. 292. Воп. 1. Адз. зах. 183. Л. 7.
12. Сцэна са спектакля “За лясамі дрымучымі” А.Вольскага (рэж. Л.Мазалеўская) з удзелам С. Мацюкевіч (у ролі Параскі), Л.Цімафеевай (у ролі Галінкі), В.Козмер, М.Міцкевіч, Л.Бельскай, Ермак, Л.Барташевіч, К.Мізгайло. Фотаздымак. 1958.
Ф. 292. Воп. 1. Адз. зах. 186. Л. 1.
13. Сцэна са спектакля “За лясамі дрымучымі” А.Вольскага (рэж. Л.Мазалеўская) з удзелам П.Дубашынскага (у ролі Адася), Л.Цімафеевай (у ролі Галінкі), Э.Шаміёнка (у ролі Надана), В.Лебедзева (у ролі Смока), У.Говар-Бандарэнкі (у ролі Гусляра). Фотаздымак. 1958.
Ф. 292. Воп. 1. Адз. зах. 186. Л. 2.
14. Сцэна са спектакля “Квартэт Алямбар” М.Віннікава (рэж. Л.Мазалеўская) з удзелам П.Дубашынскага (у ролі Барыса), Л.Барташэвіч (у ролі Зойкі), Э.Зайцавай (у ролі ўрача хуткай дапамогі). Фотаздымак. 1960.
Ф. 292. Воп. 1. Адз. зах. 189. Л. 2.
15. Сцэна са спектакля “Квартэт Алямбар” М.Віннікава (рэж. Л.Мазалеўская) з удзелам П.Дубашынскага (у ролі Барыса), Б.Піскуна (у ролі Міхаіла), М.Пятрова (у ролі Якава), А.Бяляева (у ролі Аляксея). Фотаздымак. 1960.
Ф. 292. Воп. 1. Адз. зах. 189. Л. 3.
16. Сцэна са спектакля “Над хвалямі Серабранкі” І.Козела (рэж. Л.Мазалеўская) з удзелам Б.Барысёнка (у ролі Васіля), Г.Раеўскай (у ролі Каці). Фотаздымак. 1961.
Ф. 292. Воп. 1. Адз. зах. 192. Л. 1.
17. Сцэна са спектакля “Чырвоныя чарцяняты” П.Бляхіна, А.Палявога, А.Талбузіна (рэж. Б.Дакутовіч) з удзелам А.Бяляева (у ролі Махно), Г.Раеўскай (у ролі Дуняшы). Фотаздымак. 1962.
Ф. 417. Воп. 1. Адз. зах. 202. Л. 3.
18. Сцэна са спектакля “Адчыніце, казляняткі!” П.Макаля (рэж. Л.Тарасава) з удзелам Б.Барысёнка (у ролі Воўка), Г.Раеўскай (у ролі Казы). Фотаздымак. 1971.
Ф. 417. Воп. 1. Адз. зах. 209. Л. 1.