Знаёмлю з паваротамі свайго жыцця

Віртуальная выстава «Знаёмлю з паваротамі свайго жыцця» прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння таленавітага скульптара, народнага мастака Беларусі, аднаго з арганізатараў і старшыні Усебеларускага аб’яднання мастакоў Аляксандра Васільевіча Грубэ.

На выставе прадстаўлена аўтабіаграфія А.В.Грубэ, дакументы, пасведчанні, фотаздымкі эскізаў і работ, якія захоўваюцца у Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва.

Аляксандр Васільевіч Грубе нарадзіўся 31 жніўня 1894 года ў вёсцы Грыгор’еўка Белябееўскага раёна Уфімскай губерні (цяпер Башкартастан, Расія) у сям’і агранома. З самага дзяцінства наваколле і прырода натхнялі будучага скульптара браць у рукі гліну і рабіць з яе гліняных звяркоў: “Той час і наваколле запомніліся як нешта грандыёзнае. Відаць, башкірскія кавыльныя стэпі ўплывалі на мяне. Берагавая зямля – гліна чамусьці выклікала ў мяне жаданне браць яе ў рукі і камячыць. У маіх руках яна халаднаватая і прыемная. Я мог з яе рабіць што хацеў” [1, с. 26]. Бацька маленькага Аляксандра добра маляваў, ствараў розныя кампазіцыі з раслін, сцэны палявання. Доўгімі зімовымі вечарамі ён выточваў для сына розныя драўляныя цацкі. Так з’явілася зацікаўленасць менавіта драўлянымі вырабамі: “Я навучыўся адрозніваць пахі бярозы, ліпы, дубу. Мне прыемны быў сам пах драўніны, я запомніў яго на ўсё жыццё” [1, с. 26].

З 1905 па 1914 гг. А.В.Грубэ вучыўся ў Пензенскай мужчынскай гімназіі. Пасля заканчэння паступіў на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Петраградскага ўніверсітэта, дзе скончыў два курсы. За ўдзел у студэнцкай рэвалюцыйнай стачцы Аляксандр Грубе быў арыштаваны і пасаджаны ў Спаскую турму. У 1915 г. быў прызваны ў армію. Служыў у студэнцкім батальёне ў Ніжнім Ноўгарадзе. У 1916 г. паступіў у 2-ю школу прапаршчыкаў у Старым Пецергофе. Пасля знаходжання ў арлоўскіх Звенігародскіх казармах быў адпраўлены з маршавай ротай на фронт. Ваяваў у 1-м Cібірскім палку супраць немцаў у раёне Баранавічы-Маладзечна. Быў абраны камандзірам роты і батальённым суддзёй.

Пасля дэмабілізацыі прыехаў у мястэчка Краснаполле (цяпер раённы цэнтр Магілёўскай вобласці). Працаваў чорнарабочым на палях і ў садах. З восені 1918 г. працаваў настаўнікам прыродазнаўчых і графічных мастацтваў у Краснапольскай сярэдняй школе 2-й ступені. Адначасова стварыў скульптурныя партрэты К.Маркса і У.Леніна. У 1920-я гг. актыўна ішла падрыхтоўка да правядзення першай Усерасійскай сельскагаспадарчай і культурна-прамысловай выставы, у якой А.В.Грубе вырашыў прыняць удзел. Фотаздымкі сваіх работ ён адвёз у Маскву на біржу працы, дзе атрымаў кваліфікацыю скульптара IV працоўнага разраду і быў накіраваны камісіяй у брыгаду Івана Шадра, які даў згоду ўключыць А.В.Грубэ ў брыгаду па выкананні помніка “Барацьба чалавека з зямлей”. Але супрацоўніцтва не адбылося, таму што ў выстаўкама не хапіла сродкаў на гэтае будаванне. А.В.Грубэ вярнуўся ў Краснаполле.

Краснаполле — важны перыяд для маладога чалавека, які марыў стаць скульптарам. Менавіта там А.В.Грубэ пазнаёміўся з сям’ёй Шашалевічаў. Усе члены яе былі таленавітымі і адукаванымі, вялі шырокую адукацыйную і навуковую дзейнасць. Будучая жонка А.В.Грубэ – Настасся Антонаўна Шашалевіч была таленавітым мастаком. Такое асяроддзе мела значны ўплыў на далейшы творчы шлях Аляксандра Грубэ.

На выставе прадстаўлены дакументы, якія адлюстроўваюць краснапольскі перыяд вядомага майстра: пасведчанне Упраўлення партыйна-савецкім друкам і дзяржаўнай друкарняй г. Гомеля «Полесская печать» ад 26 кастрычніка 1923 г. школьнаму работніку Краснапольскай школы Чэрыкаўскага павета А.В.Грубэ «в том, что он на конкурсе «Новая деревня» занесен на красную доску», публікацыя з газеты «Новая деревня» «Лучшие учителя Гомеля» з прозвішчам Грубэ.

У Краснаполлі Аляксандр Грубэ працаваў над праектамі помнікаў А.Астроўскаму і Я.Свярдлову, стварыў у гліне бюст У.Леніна. Пасля гэтага быў запрошаны ў Мінск кіраўніком гуртка выяўленчага мастацтва.

У 1922—1924 гг. А.В.Грубэ жыў у Мінску і ў перадваенныя гады стаў адной з самых яркіх фігур у беларускім мастацтве. З 1925 г. удзельнічаў у мастацкіх выставах, набыўшы вялікую папулярнасць і вядомасць. Ён выступіў ініцыятарам стварэння Усебеларускага аб’яднання мастакоў ў 1927 г. і стаў яго старшынёй. З 1929 г. А.В.Грубэ – член мастацкай суполкі Рэвалюцыйнага аб’яднання мастакоў Беларусі (РАМБ).

У станковых і манументальных кампазіцыях Аляксандр Васільевіч імкнуўся да пошуку новых рашэнняў, выкарыстоўваў прыёмы стылізацыі, заснаваныя на традыцыях беларускай народнай драўлянай скульптуры. Асабліва ярка гэта праявілася ў работах “Лірнік” (1925) і “Чырвонаармеец” (1929). У 1929 г. з’явіліся творы “Раб” і “Тачачнік” (“Паднявольная праца”).

Знойдзеныя скульптарам прыёмы атрымалі далейшае развіццё ў работах 1930—40-х гг., сярод якіх – “Трактарыстка” (1935) і “Беларус-касец” (1940). У гэты перыяд былі створаны барэльефы “Кастрычнік” для польскага тэатра (у будынку Чырвонага касцёла), дэкаратыўныя рэльефы “Авіямадэліст” і “Фанфарыстка” для Палаца піянераў і школьнікаў у Мінску. У даваенны час А.В.Грубэ выканаў шэраг партрэтаў. Сярод лепшых партрэтных работ – “Кастусь Каліноўскі” (1926), “Максім Багдановіч” (1927). Па праектах скульптара былі ўстаноўлены помнікі Ф.Э.Дзяржынскаму ў Дзяржынску (1933), У.І.Леніну ў Барысаве (1935).

У 1940 годзе Грубе прыняты ў Саюз мастакоў БССР, з 1942 па 1944 гг. быў яго старшынёй. Вайна застала Аляксандра Васільевіча ў сталіцы: “Праз палаючы Мінск, пад бамбёжкамі, прабраўся да сваёй майстэрні. Пераначаваў тут, на падлозе. Раніцай накіраваўся на ўсход, у лясы, як мага далей ад палаючага горада” [3, с.175].

А.В.Грубэ пераехаў у Маскву у 1941 г. Там ён працягваў актыўную грамадскую дзенасць, арганізоўваў выставы беларускіх мастакоў у Дзяржаўным гістарычным музеі і Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, прымаў удзел у падрыхтоўцы Усесаюзнай выставы жывапісу, графікі, скульптуры і архітэктуры «Вялікая Айчынная вайна», якая адкрылася ў лістападзе 1942 г. На ёй экспанаваліся ў тым ліку творы беларускіх мастакоў, якія змагаліся на франтах, у партызанскіх атрадах, а таксама знаходзіліся ў эвакуацыі.

У Маскве ў 1942 г. А.В.Грубэ стварыў бюст Героя Савецкага Саюза генерал-маёра Л.Даватара. У 1944 г. Аляксандр Васільевіч стаў першым народным мастаком БССР і быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Пасля вайны А.В.Грубэ працаваў у аргкамітэце Саюза мастакоў СССР, у 1950-я гг. узначальваў скульптурную секцыю Маскоўскага саюза мастакоў, працягваючы займацца творчай дзейнасцю. Сярод работ, створаных у пасляваенны час: партрэт і праект помніка К.Заслонаву, помнік-бюст В.Куйбышаву ў г. Кокшэтаў, партрэт Р.Зорге, скульптурныя кампазіцыі на тэму працы “Першая разора”, “Сталявары”, “Доменшчыкі”.

Аляксандр Васільевіч Грубэ памёр 3 жніўня 1980 г. ў Маскве.

Скульптуры Аляксандра Васільевіча ўпрыгожвалі Мінск ў 20 – 30-я гг. XX ст., але да нашых дзён яны не захаваліся. «Паспрыяла» гэтаму вайна. Нямецкія акупанты імкнуліся знішчыць савецкія сімвалы, у першую чаргу шматлікія статуі правадыроў. Таму многія працы А.В.Грубэ не перажылі акупацыю Мінска. Бясследна зніклі і многія скульптуры, якія знаходзіліся ў музеях. Напрыклад, бюст Максіма Багдановіча, які мастак стварыў пасля таго, як пазнаёміўся з яго вершамі і даведаўся ад драматурга Васіля Шашалевіча пра трагічны лёс паэта. Падчас акупацыі гэтая праца была вывезена ў Германію, дзе яе сляды згубіліся [4].

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў фондзе мастака-графіка Анатоля Мікалаевіча Тычыны знаходзяцца дакументы – запісы 1941 г., зробленыя ім на накідах экслібрысаў. Яны з’яўляюцца сведчаннем знішчэння горада, яго насельніцтва і помніка, створанага скульптарам Аляксандрам Васільевічам Грубэ. Першая выява – уласны экслібрыс А.Тычыны, з пазнакай: “7/XI – 41 г.треск пулемёта за городом ужасы ў гета”. Другая і трэцяя выявы – экслібрысы драматурга і акцёра Міколы Ільінскага (мастак А.Тычына), з пазнакамі: “4/XII – 41 г. разборка памятника Грубэ при помощи трактора и элетросверлов применяемых в угольн.копях і 5/XII – 41г. разборка памятника Грубэ вчера и сегодня при помощи трактора и электросверлов применяемых в угольн. Копях” [5].

Творы выдатнага скульптара захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Дзяржаўным музеі гарадской скульптуры ў Санкт-Пецярбургу.

  1. Грубэ, А. Знаёмлю з паваротамі свайго жыцця / А.Грубэ // Мастацтва Беларусі. – 1985. – № 1. – С.26–28.
  2. Крэпак, Б.А. Вяртанне імёнаў: нарысы пра мастакоў: у 2 кн. / Б.А.Крэпак. – Мінск: Маст. літ., 2014. – Кн. 2. – 382с.
  3. Рублеўская, Л. Штрыхі да партрэта старшыні Саюза мастакоў БССР Аляксандра Грубэ [Электронны рэсурс] / Л. Рублеўская // «Звязда». – 2023. – 4 снеж. – Рэжым доступу: https://zviazda.by/be/news/20231204/1701691394-shtryhi-da-partreta-starshyni-sayuza-mastakou-bssr-alyaksandra-grube.-Дата оступу: 05.09.2024.
  4. Шаталава, В. Мастак XX стагоддзя. Да 130-годдзя Аляксандра Грубэ / В.Шаталава // Роднае слова. – 2024. – № 8. – С.84–85.

Прэзентацыя - Знаёмлю з паваротамі майго жыцця