Літаратурна-дакументальная выстава “Іду да вершаў пешшу”

Літаратурна-дакументальная выстава “Іду да вершаў пешшу”, падрыхтаваная да 90-годдзя з дня нараджэння паэта Генадзя Бураўкіна – аднаго з найяскравейшых прадстаўнікоў славутага “філалагічнага пакалення”.  

Генадзь Мікалаевіч пакінуў вялікую спадчыну як у беларускай і сусветнай літаратуры, так і ў кінематографе, тэле- і радыёвяшчанні, журналістыцы, дыпламатыі і многіх іншых сферах. Яго каласальная энергія, перакананасць і пераканаўчасць ва ўсіх глабальна-дзёрзкіх задумах і пачынаннях, яго непахісная прынцыповасць, смеласць і дальнабачнасць, паводле слоў Зінаіды Бандарэнкі, дапамаглі вывесці беларускі эфір на новы сучасны ўзровень і надаць яму прывабнае аблічча. Красамоўства і гумар, свецкасць і элегантнасць Бураўкіна, якія запомніліся яго сучаснікам, знаходзяць сёння пацверджанне ў фотаздымках, рукапісах, успамінах, кнігах з асабістых бібліятэк яго сяброў і многіх іншых дакументах, якімі багатыя фонды Беларускагп дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.  Частка з іх прадстаўлена на выставе “Іду да вершаў пешшу”.