Літаратурна-дакументальная выстава да 140-годдзя Змітрака Бядулі “ЯГО БАГАТЫ ПЛЁН”

Змітрок Бядуля (сапр. Самуіл Яфімавіч Плаўнік) нарадзіўся 23 красавіка 1886 г. у мястэчку Пасадзец Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл.). Вучыўся ў хедары (яўрэйскай пачатковай школе), потым – у ешыбоце (школе рабінаў), але не скончыў яго. Некаторы час працаваў хатнім настаўнікам, дапамагаў бацьку ў лесапрамысловых справах. Займаўся самаадукацыяй.

 У 13 гадоў пачаў пісаць вершы на старажытнаяўрэйскай мове. Першы мастацкі твор на беларускай мове – лірычны абразок “Пяюць начлежнікі” – быў апублікаваны 23 верасня 1910 г. у газеце “Наша Ніва”. Спрабаваў пісаць  на рускай мове, друкаваўся на старонках пецярбургскіх часопісаў. У кан.1912 г. Зм. Бядуля пераехаў у Вільню, дзе працаваў у выдавецкім таварыстве, потым адказным сакратаром у газеце “Наша Ніва”. У 1913 г. у выд. “Загляне сонца і ў наша ваконца” выйшаў яго першы зборнік лірычных мініяцюр “Абразкі”.

Падчас першай сусветнай вайны ў жніўні 1915 г. газ. “Наша Ніва” спыніла існаванне, Зм. Бядуля вярнуўся ў м. Пасадзец, потым у Мінску  працаваў у Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, дзе гуртаваліся вядомыя дзеячы беларускай культуры. Таварыства арганізоўвала пункты харчавання, сталовыя, беларускія школкі, прытулкі для бяздомных дзяцей, аказвала медыцынскую дапамогу. Паэзія Зм.Бядулі гэтага часу прасякнута антываенным пафасам.  Вершы “Кат”, “Волат”, “Арліхі”, “Балада”, “Ад крыві чырвонай” і інш. выклікаюць нянавісць да “дзікай зграі”, якая развязала вайну. Антыгуманнасць вайны падкрэслена і ў  аповесцях “Набліжэнне” (1935) і “У дрымучых лясах” (1939).

Зм. Бядуля падтрымаў курс савецкай улады на адраджэнне нацыянальнай культуры. З 1920 г. працаваў у газ. “Савецкая Беларусь”, рэдагаваў час. “Зорка” і “Наш край”. Быў членам літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, у 1926 г. перайшоў ва “Узвышша”.

У 1922 г. выйшаў першы паслярэвалюцыйны зборнік пісьменніка “Пад родным небам”, у якім моцна гучаў матыў значэння нацыянальна-культурнай спадчыны для адраджэння народа. Веру ў духоўнае абуджэнне народа выказаў З. Бядуля ў паэме “Беларусь” (1925).

У празаічных творах распрацаваў тэму тагачаснага жыцця, паказваў складанае ўздзеянне савецкай рэчаіснасці на грамадзянскую актыўнасць, духоўны рост працоўнага чалавека, які нядаўна вызваліўся з няволі. У аповесці “Салавей” яркімі фарбамі паказаў барацьбу беларускіх сялян з панамі-прыгоннікамі, апаэтызаваў таленавітых людзей з народа. У 1929–1932 гг. З.Бядуля стварыў раман “Язэп Крушынскі”, прысвечаны актуальным праблемам грамадскага жыцця Беларусі 1920-х гадоў. Апошні буйны твор пісьменніка – казка “Сярэбраная табакерка” (1940 г.) мае складаны грамадска-філасофскі змест.

У 1930-я гады Зм. Бядуля напісаў шмат твораў для дзяцей, літаратурна-крытычных артыкулаў, даследчых прац па этнаграфіі. Пераклаў на беларускую мову творы Т. Шаўчэнкі, Ю. Будзяка, Шолам-Алейхема.