Выстава “Сам-насам з вечнасцю” (да 100-годдзя В. Быкава)

Выстава “Сам-насам з вечнасцю” да 100-гадовага юбілею Васіля Быкава, дзе прадстаўлены ўнікальныя экспанаты з асабістага архіва пісьменніка, уключаючы рукапісы яго твораў, фатаграфіі, кнігі.

Куратар выставы, вядучы архівіст Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Наталля Аляксандраўна Мізон падчас адкрыцця выставы адзначыла: “Мы прадставілі дакументы, якія складаюць аснову фонду пісьменніка, што папаўняўся некалькі разоў. Пачыналася ўсё з таго, што сам Васіль Уладзіміравіч прынёс у архіў-музей свае дакументы ў 1970 і 1981 гадах і стварыў аснову для гэтага фонду. Пазней дакументы траплялі сюды праз яго родных і даследчыкаў. Тое, што можна ўбачыць на выставе, – гэта асноўная выцісканка з падраздзелаў фонду: дакументы, звязаныя з яго аўтабіяграфіяй, выступленне перад саюзам пісьменнікаў, рукапісы, машынапісныя лісты з рукапіснымі праўкамі, перапіскі з калегамі, карэспандэнцыя, якую ён атрымліваў з усіх куткоў СССР, розныя водгукі чытачоў”.

Наведвальнікі могуць азнаёміцца з жыццём і творчасцю Васіля Быкава яшчэ глыбей, усвядоміць уклад у беларускую літаратуру і культуру.