Выстава “Рыцар чалавечага духу” з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Рамантычная акрыленасць, высокая мастацкая культура, патрыятычны пафас і гуманістычнае гучанне зрабілі творы Уладзіміра Караткевіча пазнавальнымі і прыцягальнымі як для яго сучаснікаў, так і для наступных пакаленняў. Узняўшы шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, ён шмат зрабіў для абуджэння гістарычнай памяці народа.

Уладзімір Сямёнавіч плённа працаваў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык і сцэнарыст. Яго рукапісы, малюнкі, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі, ліставанне з сябрамі і мн. інш. у багатай колькасці захоўваюцца як у асабістым фондзе У.С.Караткевіча, так і ў іншых фондах пісьменнікаў, выдаўцоў, шматлікіх дзяржаўных арганізацый. На выставе “Рыцар чалавечага духу” дакументы нанова адкрываюць культавага пісьменніка, выдатнага паэта і мастака, арыгінальнага чалавека Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.