Даследчык, бібліёграф, беларускі грамадскі дзеяч у ЗША Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 мая 1927 г. у Мінску. Яго бацька Яўхім Кіпель, былы вайсковец, працаваў у Інбелкульце, а маці Марыя Зубкоўская была настаўніцай. У 1930 г. бацька быў арыштаваны па справе Саюза вызвалення Беларусі і высланы на пяць гадоў у Вяцкую вобласць. У1933 г. следам за мужам паехала і Марыя з сынам Вітаўтам. Толькі ў 1942 г. сям’я змагла вярнуцца ў Мінск, а праз два гады назаўсёды пакінула Бацькаўшчыну.
Па сканчэнні Другой сусветнай вайны Вітаўт Кіпель апынуўся ў лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. Тут ён скончыў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы, актыўна займаўся скаўтынгам. На пачатку 1950-х Вітаўт Кіпель паступіў на геалагічны факультэт Лювенскага каталіцкага ўніверсітэта (Бельгія), які скончыў у 1955 г. са ступенню доктара мінералогіі. Тады ж у Бельгіі ён актыўна заангажаваўся ў жыцці мясцовай беларускай грамады, выконваючы абавязкі намесніка старшыні Саюза беларусаў Бельгіі.
У 1956 г., пасля пераезду на сталае жыхарства ў ЗША, Вітаўт Кіпель ажаніўся з Зорай Савёнак, якая стала і вернай спадарожніцай жыцця, і маці дваіх дзяцей (Алесі і Юркі), і апорай ды супрацоўніцай у грамадска-культурнай працы.
Першапачаткова ў ЗША Вітаўт Кіпель працаваў у розных навукова-вытворчых фірмах, у Балтымарскім універсітэце (штат Мэрыленд). А ў 1959 г. ён уладкаваўся ў Даследчы цэнтр навукі і тэхналогіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі. Тут працаваў у тым ліку і на пасадзе выканаўчага дырэктара да 1985 г.
Адначасова Вітаўт Кіпель падпрацоўваў у нью-ёркскай беларускай рэдакцыі радыё “Свабода” і займаўся грамадскай дзейнасцю: удзельнічаў у арганізацыі беларускіх мерапрыемстваў, выставаў, канферэнцый. У 1976—1978 гг. ён быў галоўным ініцыятарам, арганізатарам і дырэктарам знакамітых беларускіх фестываляў у Нью-Джэрсі, што збіралі па колькі тысяч наведнікаў.
У 1970-х гг. Вітаўт Кіпель актыўна заангажаваўся ў амерыканскі рэспубліканскі рух. У 1972—1982 гг. быў старшынёй Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў, у 1974 г. абраны на старшыню Рэспубліканскай федэрацыі штата Нью-Джэрсі. У гэты ж час Вітаўт Кіпель стаў рэдактарам газеты нью-джэрсійскіх рэспубліканцаў “Herіtage Revіew” (“Агляд спадчыны”). А ў 1978—1982 гг. — старшынёй Этнічнай рады Нью-Джэрсі. За сваю дзейнасць у справе развіцця этнічных супольнасцей ЗША ў 1975 г. Вітаўт Кіпель быў узнагароджаны медалём Паняволеных народаў Эйзенхаўэра.
Аднак асноўная дзейнасць Вітаўта Кіпеля заўсёды была звязана з кнігамі. У ЗША ён атрымаў дадатковую бібліятэчную адукацыю і, працуючы ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, збіраў матэрыялы для сваёй працы па гісторыі беларускай прысутнасці ў ЗША. У 1982 г. выйшла англамоўная кніга Вітаўта Кіпеля пра беларусаў Кліўленда “Byelorussian-Americans and Their Community in Cleveland”. Аднак самай вядомай і грунтоўнай сталі “Беларусы ў ЗША”. Кніга пабачыла свет у Беларусі ў 1993 г., і ў ЗША ў 1999 г. А сёлета ў Мінску выйшла другое, дапрацаванае і дапоўненае выданне.
Вітаўт Кіпель заўсёды быў актыўным сябрам Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, а ў 1982 г. — стаў дырэктарам гэтай установы. У выніку актывізавалася кніга-выдавецкая дзейнасць інстытута, сталі з’яўляцца грунтоўныя выданні і з удзелам кіраўніка. У 1985 г. выйшла ўкладзеная Зорай і Вітаўтам Кіпелямі вялікая бібліяграфія “Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе”, у 1988 г. — іх жа “Беларуская дзяржаўнасць. Хрэстаматыя і бібліяграфія = Byelorussian Statehood. Reader and Bibliography”. У 2002 г. пабачыла свет створаная Вітаўтам Кіпелем і Змітром Саўкам яшчэ адна бібліяграфія “Беларускія слоўнікі і энцыклапедыі”.
Бібліяграфічнай працай Вітаўт Кіпель разам з жонкай Зорай займаліся цягам усяго амерыканскага жыцця. Яны сабралі каласальную калекцыю беларускіх выданняў, на падставе якой з’явілася найгрунтоўнейшая бібліяграфія “Беларускі друк на Захадзе”, якая на сёння вытрымала ўжо два выданні. Большая частка ўлічаных у ёй каля чатырох тысяч паасобных друкаў, і сотні перыёдыкаў, сабраныя Кіпелямі, былі перададзеныя ў Нью-Ёркскую публічную бібліятэку як асобная калекцыя.
Ад пачатку 1990-х гг. Вітаўт і Зора Кіпелі сталі часта наведваць Беларусь: удзельнічаць у з’ездах, кангрэсах, канферэнцыях. Сярод іншага, усталяваліся кантакты і з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва. У выніку, дзякуючы Вітаўту Кіпелю, ад 1990-х пачалі вяртацца на Бацькаўшчыну эміграцыйныя архівы і захаваныя замежнымі беларусамі нацыянальныя скарбы. І гэтая архіўная супраца працягваецца дасёння.
Змешчаная тут выстава заснавана на дакументах, перададзеных дзеячам у наш архіў-музей цягам апошніх дзесяцігоддзяў. Прадстаўленыя фотаздымкі, машынапісы і іншыя дакументы адлюстроўваюць розныя перыяды і сферы жыцця і дзейнасці Вітаўта Кіпеля. Гэтай выставай мы хацелі б не толькі распавесці пра гэтага руплівага працаўніка на ніве беларушчыны, але і павіншаваць яго з паважным юбілеем і падзякаваць за ўсё тое, што ён зрабіў і працягвае рабіць для нашага архіва-музея.
23 мая 2017 г.