Да 120-годдзя з дня нараджэння опернай дзівы Ларысы Пампееўны Александроўскай: з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

15 лютага 2024 г. камернай і опернай спявачцы, буйной грамадскай дзяячцы Ларысе Пампееўне Аляксандраўскай споўнілася б 120 год.

Нарадзілася Л.П. Александроўская ў г. Мінску. У 1910 г. яна паступіла ў Марыінскую гімназію. З набліжэннем да Мінска германскіх (кайзераўскіх) войскаў летам 1914 г. пачалася эвакуацыя і Ларыса Пампееўна разам з сям’ёй пераехала ў Петраград, дзе і скончыла сваю адукацыю.

У 1919 г. Ларыса Пампееўна вяртаецца ў Мінск, заканчвае кароткачасовыя настаўніцкія курсы пры Наркамаце асветы БССР і працягвае пець і нават саліраваць у царкоўным хоры ў Свята-Духавым саборы на плошчы Свабоды. У 1920 г. яе запрасілі ў музыкальна-драматычны тэатр, які стаў трупай Глаўпалітпрасвету пры ваенкамаце Заходняга фронту. З беларускімі, рускімі і ўкраінскімі песнямі яна выступала ў чырвонаармейскіх часцях Заходняга фронту.

З 1924 па 1928 гады Л.П. Александроўская вучылася ў Мінскім музычным тэхнікуме і нястомна працавала над авалоданнем вакальнай і сцэнічнай культуры. У 1927 годзе таленавітая спявачка з поспехам выступіла з канцэртамі на Сусветнай выставе музычнага мастацтва ў Франкфурце-на-Майне і ў буйнейшых гарадах Еўропы. У 1928 г. Ларыса Пампееўна працягвае сваё навучанне ў Вышэйшым оперны класе з кансерваторскай праграмай пры Мінскім музычным тэхнікуме, пасля — у Беларускай дзяржаўнай студыі оперы і балета.

У маі 1933 года падчас адкрыцця Беларускага тэатра оперы і балета была пастаўлена опера Ж. Бізэ “Кармэн”. Ларыса Пампееўна бліскуча выканала галоўную партыю. Опера “Кармэн” не толькі вылучыла Л.П. Александроўскую ў шэраг лепшых оперных артыстак Савецкага Саюза, але і ўзбагаціла яе сцэнічным вопытам, падрыхтавала да стварэння новых вобразаў. Услед за Кармэн спявачка стварыла шэраг жаночых вобразаў у рускай класіцы. З імем Л.П. Александроўскай звязана і станаўленне беларускай нацыянальнай оперы. Яна спявала ў операх Я. Цікоцкага (“Міхась Падгорны” – Марыся “Алеся”), А. Туранкова (“Кветка шчасця” – Надзейка), Д. Лукаса (“Кастусь Каліноўскі” – Марыя Грэгатовіч).

Л.П. Аляксандраўскай прысвоены званні заслужанай артысткі рэспублікі (1936 г.), народнай артысткі БССР (1939 г.) і народнай артысткі СССР (1940 г.). У студзені 1941 года Л.П. Александроўскай была прысуджана Сталінская прэмія другой ступені.

Пачатак Вялікай Айчынай вайны Ларыса Пампееўна сустрэла ў Мінску.

У гады Вялікай Айчынай вайны Л.П. Аляксандраўская ўдзельнічала ў оперных спектаклях у Алма-Аце, Горкім, выступала з канцэртамі ў Маскве, Тбілісі і на фронце перад байцамі і афіцэрамі. Пад кіраўніцтвам Ларысы Пампееўны была створана франтавая канцэртная брыгада, якая гастралявала перад байцамі I Беларускага фронту і беларускімі партызанамі. Пасля вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў Ларыса Пампееўна вярнулася ў Мінск, дзе брала актыўны ўдзел у аднаўленні і далейшым развіцці беларускага мастацтва. Акрамя таго, Л.П. Александроўская актыўна прымала ўдзел і ў грамадскім жыцці краіны, удзельнічала ў рабоце Міжнароднага жаночага кангрэса ў Парыжы ў лістападзе 1945 г., дзе была абрана членам савета Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын, з’яўлялася членам Савецкага Камітэта абароны міра і членам прэзідыума Славянскага камітэта СССР. Абіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР, Мінскага абласнога і гарадскога саветаў.

На працягу дзесяці гадоў (1951-1961) Ларыса Пампееўна была галоўным рэжысёрам Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Беларусі. Яна стварыла каля пятнаццаці яркіх, запамінальных спектакляў, сярод якіх такія складаныя творы як “Мазепа” П. Чайкоўскага, “Страшны двор” С. Манюшкі, “Барыс Гадуноў” М. Мусаргскага, “Аіда” Дж. Вердзі і інш. Вялікая нагрузка і дрэннае самаадчуванне прывялі да таго, што ў траўні 1961 года Ларыса Пампееўна выходзіць на заслужаны адпачынак, аднак працягвае кіраваць Беларускім тэатральным таварыствам, створаным яшчэ ў 1946 годзе, і па запрашэнні тэатра займацца пастаноўкай оперных спектакляў. Л.П. Александроўская ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, трыма ордэнамі Леніна, Ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі і медалямі.

Памерла Ларыса Пампееўна 23 мая 1980 года.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца фонд № 316 “Александровская Лариса Помпеевна, оперная певица, режиссёр, общественный деятель, народная артистка СССР і БССР”, у якім налічваецца 887 спраў за 1907–1986 гг. Сярод іх біяграфічныя дакументы, дакументы творчай і грамадска-палітычнай дзейнасці Ларысы Пампееўны, фотаздымкі.

Дакументы, прадстаўленыя на выставе:

1.

316_1_109_002 Фатаграфія сцэны са спектакля казахскага тэатра оперы і балета (г.Алма-Ата) “Ціхі Дон” у галоўнай ролі з Л.П. Александроўскай.

316_1_771_018 Індывідуальная фатаграфія Л.П. Александроўскай, 1949 г.

2.

316_1_555_001 Афіша вакальнага канцэрта Л.П. Александроўскай ў тэатры оперы і балета ім. А. С. Пушкіна ў г. Горкім, 08.03.1943

316_1_ 551_001 Афішы дабрачыннага начнога канцэрта ў фонд набыцця цёплых рэчаў для байцоў Чырвонай Арміі з удзелам Л.П. Александроўскай, 31.01.1942

3.

316_ 1_ 502_012 Пасведчанне а № 331178 Л.П. Александроўскай да медаля “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945”, 1945 г.

316_ 1_ 502_015 Пасведчанне АА № 001796 Л.П. Александроўскай да медаля “За ўдзел у абароне Масквы”, 1946 г.

4.

316_1_ 502_013 Часовае пасведчанне № 90106 Л.П. Александроўскай аб узнагароджанні медалём “Партызану Айчыннай вайны”, 1945 г.

316_ 1_ 588_004 Камандзіровачнае пасведчанне № 98 ад 07.03.1943 Л.П. Александроўскай у г. Маскву

5.

316_ 1_ 771_ 16 Індывідуальная фатаграфія Л.П. Александроўскай, 25.03.1942

316_1_ 771_28-29 Ордэнская кніжка № 017128 л. п. Александроўскай, 16.06.1942

6.

316_ 1_765_ 3-4 Водгук і падзяка байцоў Чырвонай Арміі Л.П. Александроўскай за ўдзел у канцэртах

7.

316_1_106_004 Фатаграфія Л.П. Александроўскай у ролі Марысі з В.Ф. Лапіным у ролі Міхася ў оперы Я.К. Цікоцкага “Міхась Падгорны”, 1939 г.

316_ 1_ 107_004 Фатаграфія Л.П. Александроўскай у ролі Надзейкі ў оперы А.Я. Туранкова “Кветка шчасця”.

Фатаграфія сцэны са спектакля казахскага тэатра оперы і балета (г.Алма-Ата) “Ціхі Дон” у галоўнай ролі з Л.П. Александроўскай

Індывідуальная фатаграфія Л.П. Александроўскай, 1949 г.

Афіша вакальнага канцэрта Л.П. Александроўскай ў тэатры оперы і балета ім. А. С. Пушкіна ў г. Горкім, 08.03.1943

Афішы дабрачыннага начнога канцэрта ў фонд набыцця цёплых рэчаў для байцоў Чырвонай Арміі з удзелам Л.П. Александроўскай, 31.01.1942

Пасведчанне а № 331178 Л.П. Александроўскай да медаля “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945”, 1945 г.

Пасведчанне АА № 001796 Л.П. Александроўскай да медаля “За ўдзел у абароне Масквы”, 1946 г.

Часовае пасведчанне № 90106 Л.П. Александроўскай аб узнагароджанні медалём “Партызану Айчыннай вайны”, 1945 г.

Камандзіровачнае пасведчанне № 98 ад 07.03.1943 Л.П. Александроўскай у г. Маскву

Індывідуальная фатаграфія Л.П. Александроўскай, 25.03.1942

Ордэнская кніжка № 017128 л. п. Александроўскай, 16.06.1942

Водгук і падзяка байцоў Чырвонай Арміі Л.П. Александроўскай за ўдзел у канцэртах
Фатаграфія Л.П. Александроўскай у ролі Марысі з В.Ф. Лапіным у ролі Міхася ў оперы Я.К. Цікоцкага “Міхась Падгорны”, 1939 г.

Фатаграфія Л.П. Александроўскай у ролі Надзейкі ў оперы А.Я. Туранкова “Кветка шчасця”.