6 лютага 2026 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбылося мерапрыемства з адкрыццём літаратурна-дакументальнай выставы “Крыніца натхнення- жыццё народа”, прысвечанае 105-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа.
З прывітальным словам да прысутных выступіла дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка. Кіраўнік установы падкрэсліла актуальнасць дакументальных сведчанняў, якія прадстаўлены на выставе і захоўваюцца ў архіўных фондах архіва-музея для трансляцыі памяці аб пісьменніку як сучаснікам, так і будучым пакаленням.
Куратар выставы вядучы архівіст Н.А.Мізон пазнаёміла прысутных з канцэптуальнай задумай выставы. Зрабіла акцэнт на асабліва каштоўных дакументах ваеннай пары і звярнула ўвагу на творчую манеру Івана Мележа не толькі як майстра вялікіх эпічных палотнаў, але і як тонкага лірыка і пісьменніка псіхалагічнай прозы. Асабліва цікавымі для шырокай публікі на выставе былі вызначаны планы і накіды няскончаных раздзелаў і раманаў з “Палескай хронікі”, якая была задумана аўтарам як пенталогія.
У расповядзе Галіны Іванаўны Скрыган пісьменнік Іван Мележ прадстаў перад прысутнымі рэальным чалавекам, які жыў па суседству, у “пісьменніцкім доме, на К.Маркса, 36. Галіна Іванаўна памятае, як Іван Мележ заходзіў да іх, каб параіцца з яе бацькам Янкам Скрыганом, як ён пісаў лісты-перажыванні пра раман “Людзі на балоце” з Ялты, як Я.Скрыган падстрымліваў І.Мележа і годна ацаніў яго твор. На мерапрыемстве Г.І.Скрыган перадала ў бібліятэчны фонд БДАМЛМ кнігу “Добра, што я іх ведаў”, дзе сярод іншых ёсць успаміны Я.Скрыгана “Мой сусед Іван Мележ”, а таксама ліставанне абодвух пісьменнікаў.
Унук І.Мележа мастак Іван Сямілетаў распавёў прысутным аб сямейных традыцыях па ўшанаванні памяці вядомага продка. Падчас імпрэзы І.Сямілетаў перадаў у фонд І.П.Мележа выяву сямейнага дрэва па галіне Мележаў, якую зрабіла мастачка Ганна Сямілетава. Наведвальнікаў мерапрыемства асабліва ўразілі і расчулілі жывыя галасы Івана і яго бацькі Паўла Мележаў, а таксама цешчы Клаўдзіі Іванаўны, запіс якіх у свой час зрабіў сам пісьменнік, а яго ўнук Іван рэвіталізаваў аўдыёзапісы для праслухоўвання на сучасным абсталяванні. Работнікі БДАМЛМ удзячны, што аўдыёзапісы таксама сталі падарункам падчас мерапрыемства і папоўнілі персанальны фонд народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа.

