24.04.2026

Выстава да 140-годдзя З.Бядулі адкрылася ў БДАМЛМ

23 красавіка 2026 года ў чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбылося ўрачыстае мерапрыемства з адкрыццём выставы “Яго багаты плён” да 140-годдзя класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі. З уступным словам да грамадскасці звярнулася дырэктар БДАМЛМ Алена Аляксандраўна Макаранка, якая падкрэсліла знакавасць асобы З.Бядулі як аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры, а таксама важнасць работы архівістаў па працягванню пошукаў, захаванні і вывучэнні дакументаў, звязаных з яго жыццём т творчасцю.

Ганаровы госць мерапрыемства – сын З.Бядулі, Яфім Самуілавіч Плаўнік, – распавёў прысутным малавядомыя факты з жыцця знакамітага бацькі, а таксама перадаў архіву-музею каштоўныя падарункі, звязаныя з памяццю З.Бядулі і жыццём яго сям’і.

Галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Н.М.Шапран прэзентавала красавіцкі нумар выдання, прысвечаны З.Бядулю, распавяла пра новыя даследаванні і адкрыцці ў навуковым асяроддзі, што апошнім часам былі зроблены і прэзентаваны на старонках часопіса.

Ганаровы архівіст Г.В.Запартыка расказала пра гісторыю ўнікальнага дакумента ў бібліятэчным фондзе БДАМЛМ – кнігі-самаклейкі, зробленай самім З.Бядулем, звярнула ўвагу даследчыкаў на магчымасць яе даследавання.

Куратар выставы Н.А.Мізон пазнаёміла ўсіх з дакументамі на выставе “Яго багаты плён”, акцэнтаваўшы ўвагу на асабліва каштоўных: лістах З.Бядулі 1910-40 гг. да сяброў і калег,  лістах М.Плаўнік-Бядулі да М.Лынькова ваеннага часу.

Паэтычная імправізацыя Леаніда Дранько-Майсюка ажывіла ўражанні прысутных, натхніла на новае прачытанне даўно знаёмых твораў З.Бядулі. Паэт Л.Дранько-Майсюк таксама перадаў у фонды БДАМЛ каштоўны падарунак – кнігу З.Бядулі.