У Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ) захоўваецца фонд № 393 Генадзя Іванавіча Цітовіча, у якім адклаліся арыгінальныя рукапісы, запісы фальклорных экспедыцый, неапублікаваныя кароткія нататкі, канспекты лекцый – усяго болей за дзве тысячы дакументаў. Усе яны былі перададзены пасля яго смерці ў 1986 г. удавой Вольгай Мацвееўнай.
Г.І.Цітовіч быў сынам сельскага настаўніка. Вышэйшыя прыродазнаўчую, гуманітарную і музычную адукацыі ён атрымаў у Вільні ў 1930-я гг., калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы. Для маладога студэнта Віленскага ўніверсітэта і Віленскай кансерваторыі даследаванне народнага мастацтва стала перш за ўсё пошукам сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці і крыніцай асабістага натхнення. У архіве-музеі захоўваюцца яго запісы беларускіх песен, сабраныя у 1937 г. у вёсцы Войдаты каля Вільні, а таксама ўніверсітэцкае пасведчанне 1939 г. з дазволам праводзіць этнаграфічныя даследаванні.
З 1946 г. Г.І.Цітовіч пачаў актыўна удзельнічаць у этнаграфічных экспедыцыях, арганізаваных Акадэміяй навук. Гэты занятак ён сумяшчаў з працай на радыё, у розных установах культуры, у створаным ім у 1952 г. Народным хоры БССР. Акрамя таго, ён займаўся навукова-тэарэтычнай і педагагічнай дзейнасцю.
Этнаграфічныя запісы Генадзя Іванавіча ўтрымоўваюць перш за ўсё музычную і песенную спадчыну, а таксама прымаўкі і прыказкі, успаміны пра народныя абрады. У 1974 — 1975 гг. Г.І.Цітовіч працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. Яго параўнаўчыя даследаванні народнага фальклору розных народаў Усходняй Еўропы з’яўляюцца ўзорам эрудыцыі для сучасных маладых вучоных.
Мы спадзяемся, што віртуальная выстава дакументаў, падрыхтаваная БДАМЛМ да дня нараджэння вялікага майстра, адлюструе чалавечае і творчае даследчыцкае багацце гэтага сапраўды незвычайнага чалавека.
Спасылка на віртуальную выставу “Генадзь Цітовіч — руплівы даследчык народнай творчасці”