28.05.2024

Віртуальная выстава “Будні партызан і падпольшчыкаў Бабруйшчыны” у БДАМЛМ

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў рамках праекта “Гарады Беларусі” падрыхтаваў віртуальную выставу “Будні партызан і падпольшчыкаў Бабруйшчыны”.

Яна звязана з баявой дзейнасцю вядомага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі Віктара Ільіча Лівенцава. З першых  дзён  вайны ён удзельнічаў у абарончых баях на тэрыторыі сучасных Гарадзенскай і Брэсцкай абласцей, потым, апынуўшыся ў акружэнні, у акупаваным Бабруйску стварыў падпольную групу, а затым буйны партызанскі атрад, стаў яго камандзірам. У 1943 годзе атрад Лівенцава загадам Цэнтральнага штаба партызанскага руху быў ператвораны ў 1-ю Бабруйскую партызанскую брыгаду, якая дзейнічала на тэрыторыі сучасных Магілёўскай і Гомельскай абласцей Беларусі. 

Выстаўка знаёміць з баявой дзейнасцю  1-й Бабруйскай партызанскай брагады. Пад камандаваннем 25‑гадовага палкоўніка Віктара Ільіча Лівенцава яна дзейнічала ў Бабруйскім і Асіповіцкім раёнах Магілёўскай вобласці і Парыцкім раёне Палескай вобласці. Партызаны прымалі ўдзел у “рэйкавай вайне” каля Бабруйска.

Фота, малюнкі і схемы ўзяты з фондаў БДАМЛМ. Можна  наглядна ўбачыць  партрэты  партызан брыгады,  адлюстраваны іх баявыя справы. Асаблівую цікавасць уяўляюць малюнкі з жыцця партызан Бабруйскай партызанскай брыгады, аўтар якіх – мастак-партызан Леанід Бойка. Схемы паказваюць масштабы баявых дзеянняў брыгады. 

Запрашаем пазнаёміцца з матэрыяламі выстаўкі па наступнай спасылцы:

https://bdamlm.by/vystavy/virtualnyya-vystavy