Г.Гарбук найбольш запомніўся гледачу ў ролях сацыяльных герояў. Сярод ранніх – гэта Юрка ў спектаклі “Лявоніха” П.Данілава Тэатра імя Я.Коласа. З пазнейшых – Васіль (“Людзі на балоце” паводле І. Мележа), якога артыст выконваў спачатку ў радыёпастаноўцы, потым у тэлевізійным спектаклі (атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР ў 1966 годзе), затым у Тэатры імя Я.Купалы, дзе больш за 15 гадоў спектакль быў у рэпертуары. Створаны Г.Гарбуком вобраз Васіля Дзятліка (а пазней і вобраз Цімоха Чарнушкі ў экранізаваным фільме “Людзі на балоце” рэжысёра В.Турава, за які ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР у 1984 годзе) стаў увасабленнем беларускага нацыянальнага характару.
Асаблівасцю адбору матэрыялаў да выставы “Мой погляд у вашу спакутаваную душу… Г.Гарбук”, падрыхтаванай БДАМЛМ да юбілею артыста, з’яўляецца тое, што у архіве-музеі пакуль няма фонду Г.Гарбука, і яго творчая асоба раскрываецца праз дакументы, якія захаваліся ў зборах іншых фондаўтваральнікаў: рэжысёраў, артыстаў, крытыкаў і інш. Цікавымі і пазнавальнымі з’яўляюцца артэфакты з фондаў тэатральных калектываў, дзе працаваў Генадзь Міхайлавіч: Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
Больш падрабязна азнаёміцца з выставай можна па спасылцы https://bdamlm.by/vystavi/virtualnyya-vystavi/moj-poglyad-u-vashu-spakutavanuyu-dushu