Мерапрыемства падрыхтавана Беларускім таварыствам архівістаў (далей — БТА) і Беларускім дзяржаўным архівам‑музеем літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) сумесна з сярэдняй школай № 4 і дзіцячай музычнай школай мастацтваў № 2 ім. М.І.Аладава г.Мінска.
Асаблівымі гасцямі мерапрыемства сталі дачка кампазітара І.Ю. Семяняка і кіраўнік маладзёжнай секцыі Беларускага саюза кампазітараў І.А.Кулагіна.
З уступным словам выступіла дырэктар БДАМЛМ і старшыня БТА А.А.Макаранка. Яна падкрэсліла, што архіў-музей з’яўляецца адной з унікальных архіўных устаноў краіны, у якой захоўваюцца дакументы Беларускага саюза кампазітараў і фонды асабістага паходжання творцаў, што ўнеслі значны ўнёсак у развіццё нацыянальнай музычнай культуры. Супрацоўніцтва з дзіцячымі музычнымі школамі і сярэднімі школамі музычнай накіраванасці дазволіць больш шырока папулярызаваць гэтыя дакументы і такім чынам абуджаць цікавасць да беларускай музыкі ў моладзі. А.А.Макаранка выказала спадзяванне, што арганізацыя юбілейнага вечара, прысвечанага Юрыю Семяняку – пачатак серыі сустрэч, прысвечаных вядомым кампазітарам Беларусі.
Загадчыца аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ В.В.Біруля прэзентавала віртуальную выставу «Майстэрства натхнёнае, узнёслае», падрыхтаваную на аснове асабістых дакументаў кампазітара з фондаў БДАМЛМ. У ёй прадстаўлены дакументы, якія ілюструюць творчы шлях і грамадскую дзейнасць творцы: нотныя рукапісы, афішы і праграмы спектакляў, падзякі, віншавальныя тэлеграмы і лісты ад вядомых дзеячаў культуры.
Вечар упрыгожылі разнастайныя музычныя нумары, якія выканалі выкладчыкі і навучэнцы сярэдняй школы № 4 і дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2 ім. М.І.Аладава. Прагучалі творы на музыку Ю.У.Семянякі – галоп з оперы «Калючая ружа», песня «Люблю цябе, Белая Русь».
БДАМЛМ шчыра дзякуе ўсім удзельнікам юбілейнага вечара, які стаў пацвярджэннем таго, што спадчына Юрыя Уладзіміравіча Семяняка працягвае жыць, гучаць і выхоўваць новыя пакаленні музыкантаў.

