28 красавіка 2026 года дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) А.А.Макаранка прыняла ўдзел і выступіла з пленарным дакладам аб падрыхтоўцы факсімільнага выдання першай і другой частак “Беларускага архіва старажытных грамат” на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “VI Чытанні памяці протаіерэя Іаана Грыгаровіча (1792-1852): гісторыка, філолага, археографа”, арганізаванай кафедрай царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі.
У VI Чытаннях памяці протаіерэя Іаана Грыгаровіча прынялі ўдзел 107 прадстаўнікоў духавенства і свецкай навукі. Адкрыў чытанні архімандрыт Афанасій (Сакалоў), рэктар Мінскай духоўнай акадэміі, кандыдат багаслоўя. З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх ўсяе Беларусі Веніямін і старшыня Слаўгарадскага раённага выканаўчага камітэта М.В.Патапенка, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт.
З пленарнымі дакладамі выступілі дырэктар архіва-музея А.А.Макаранка, загадчык кафедры царкоўна-практычных гістарычных дысцыплін Калужскай духоўнай семінарыі, дактарант Агульнацаркоўнай аспірантуры і дактарантуры імя святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія, кандыдат багаслоўя (г. Обнінск, РФ) Д.В.Шатаў, дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук, кандыдат фізіка-матэматычных навук, прафесар, пісьменнік А.У.Астапенка.
А.А.Макаранка ў сваім дакладзе асвяціла ролю БДАМЛМ ў захаванні памяці пра протаіерэя І.Грыгаровіча і выданні яго рукапісу зборніка “Беларускі архіў старажытных грамат”.
Праблемнае поле VI Чытанняў памяці протаіерэя Іаана Грыгаровіча было прадстаўлена ў працы 12 секцый, іх мадэратарамі сталі загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай акадэміі, прафесар В.А.Цяплова, в.а. дырэктара філіяла Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Чарняхоўску, кандыдат гістарычных навук А.С.Хацееў, прафесар кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ М.Ф.Шумейка і інш.
Протаіерэй Іаан Грыгаровіч (у свеце Іван Іванавіч Грыгаровіч; 1792 – 1852) – таленавіты беларускі археограф, чалец Румянцаўскага гуртка, складальнік першага беларускага археаграфічнага збору “Беларускі архіў старажытных грамат”. Арыгінал рукапісу другога тома гэтай працы захоўваецца ў БДАМЛМ.

