У кватэры-музеі Пятра Усцінавіча шаржы на яго ў такой колькасці прадстаўлены ўпершыню. Жартоўныя партрэты Броўкі, якія малявалі як вядомыя, так і маладыя мастакі (самыя раннія творы датуюцца 1930-мі гадамі),
— не толькі мастацкая забава, але і адлюстраванне стаўлення сучаснікаў да асобы паэта, жывое сведчанне пра значэнне творцы ў тагачаснай культуры, а таксама паказчык здаровай атмасферы ў мастацкім асяроддзі.
Юбілейная выстава рэалізавана літаратурным музеем сумесна з часопісам “Роднае слова”, яна прэзентуе частку праекта “У анталогію беларускага шаржу” (у ім былі апублікаваны дзясяткі графічных вобразаў айчынных літаратараў у дадзеным жанры, у тым ліку з фондаў БДАМЛМ).