30.10.2024

Удзел БДАМЛМ ў Круглым стале з міжнародным удзелам “200-годдзе беларускай археаграфіі”

25 кастрычніка 2024 года дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ) А.А.Макаранка прыняла ўдзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Пічэтаўскія чытанні-2024: гісторыя: навука, адукацыя, памяць (да 90-годдзя гістарычнага факультэта БДУ)”.

Арганізатарам канферэнцыі выступіў гістарычны факультэт БДУ. Усяго ў мерапрыемстве прынялі ўдзел звыш 110 вучоных, выкладчыкаў, аспірантаў, магістрантаў, экспертаў-гісторыкаў з Беларусі і Расіі. На шасці тэматычных секцыях былі абмеркаваны такія актуальныя праблемы як: развіццё сучаснай гістарычнай навукі і адукацыі; архіў і дакумент у культуры, навуцы, адукацыі і дзяржаўным кіраванні; этнакультурная і археалагічная спадчына Беларусі; Вялікая Айчынная вайна ў навуковым асэнсаванні; педагагічная практыка і традыцыі ўвекавечання гістарычнай памяці аб народзе-пераможцы і інш.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі выступілі дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л.Воінаў, прарэктар па навуковай частцы БДУ, доктар хімічных навук А.В.Блахін, дэкан гістарычнага факультэта БДУ, доктар гістарычных навук, прафесар А.Г.Каханоўскі, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт В.Л.Лакіза, намеснік дэкана, вучоны сакратар гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава, кандыдат гістарычных навук, дацэнт А.В.Солапава.

У рамках канферэнцыі праведзены Круглы стол з міжнародным удзелам «200-годдзе беларускай археаграфіі», прысвечаны выданню ў 1824 г. падрыхтаванага гомельскім протаіерэем а. Іаанам (І.І.Грыгаровічам) зборніка дакументаў “Беларускі архіў старажытных грамат”. Мадэратарамі круглага стала з'яўляліся кандыдат гістарычных навук, прафесар М.Ф.Шумейка і кандыдат гістарычных навук, дацэнт Т.Д.Гярновіч.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў Круглага стала звярнуліся дэкан гістарычнага факульта, прафесар А.Г.Каханоўскі, загадчык кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ, доктар гістарычных навук, прафесар С.М.Ходзін і дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы, кандыдат гістарычных навук А.Я.Рыбакоў.

З дакладамі на круглым стале выступілі М.Ф.Шумейка “Праз чвэрць стагоддзя (да 200-годдзя беларускай археаграфіі)”, намеснік генеральнага дырэктара па навукова-метадычнай рабоце “ООО ДИМИ-ЦЕНТР”, доктар гістарычных навук (Расійская Федэрацыя) Ю.Ю.Юмашава “Праблема публікацыі гістарычных крыніц у электронным асяроддзі”, старшыня архіўнага савета пры прэзідыуме Расійскай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук В.П.Казлоў “Аб слоўніку тэрмінаў і вызначэнняў навуковай дысцыпліны Гістарычная дакументалогія”, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу гістарычнага факультэта БДУ В.А.Цяплова “Ля вытокаў гісторыі Праваслаўнай Царквы Беларусі: да 200-годдзя стварэння «Беларускай іерархіі» протаіерэя Іаана Грыгаровіча”.

А.А.Макаранка ў сваім выступленні “Падрыхтоўка факсімільнага выдання першай і другой частак “Беларускага архіва старажытных грамат” расказала аб рабоце БДАМЛМ па камплектаванні, захаванні і папулярызацыі дакументальнай спадчыны І.І.Грыгаровіча, надаўшы асаблівую ўвагу сумеснаму з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі праекту рэпрынтнага выдання двух тамоў “Беларускага архіва”.

Галерэя малюнкаў