Падчас інтэрв’ю Алена Аляксандраўна падрабязна расказала пра асаблівасці фарміравання фондаў БДАМЛМ, падкрэсліла ўнікальнасць і разнастайнасць сабраных матэрыялаў.
На сённяшні дзень у архіве-музеі захоўваецца 533 фонды, з якіх пераважную большасць складаюць асабістыя фонды дзеячаў літаратуры, мастацтва і культуры. Падчас размовы з карэспандэнтам асаблівая ўвага была звернута на рэдкія дакументы і музейныя экспанаты, сярод якіх — сямейны фотаальбом сям’і Багдановічаў, запісная кніжка Карла Кастравіцкага – бацькі вядомага беларускага паэта, драматурга Каруся Каганца і іншыя каштоўныя прадметы, якія адлюстроўваюць багатую культурную спадчыну Беларусі.
Дырэктар архіва-музея таксама прадставіла дакументальную выставу “Я справай абраў сабе словы…”, прысвечаную 100-годдзю Навума Зіноўевіча Кісліка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, паэта, празаіка і перакладчыка.
Юбілей Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва - важная падзея для культурнай грамадскасці краіны. 65 гадоў работнікі БДАМЛМ надзейна служаць памяці, каб сабраць, захаваць, навукова апісаць, стварыць умовы для рознабаковага выкарыстання дакументальных помнікаў беларускай культуры.
Артыкул Ропат О. «Полочная дисциплина» у газеце “Мінскі кур’ер”, 10 чэрвеня 2025 № 43 (43 (4028)