Удзельнікам свята і яго гасцям была прадстаўлена выстава “Народныя паэты Беларусі” з фондаў БДАМЛМ.
Свята беларускага пісьменства з’яўляецца сімвалам умацавання духоўных каштоўнасцей і вучыць памятаць пра свае вытокі, шчыра любіць свой край і паважаць продкаў. Вядучы архівіст БДАМЛМ Наталля Аляксандраўна Мізон распавяла пра значэнне архіўных дакументаў у справе захавання духоўнага і культурнага багацця Беларусі.
На пляцоўцы “Слова паэта” дэманстраваліся навінкі беларускага кнігадруку, гучалі вершы і песні ў аўтарскім выкананні сучасных творцаў. Удзельнікі свята з цікавасцю знаёміліся з архіўнымі дакументамі класікаў беларускай літаратуры.
Жыхарка Івацэвічаў Людміла Паўлаўна Курач, якая ўсё жыццё працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, пры азнаямленні з архіўнай выставай, падзялілася ўспамінамі пра свайго выкладчыка на філалагічным факультэце БДУ Ніла Гілевіча.