30 красавіка 2026 года дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва А.А.Макаранка і загадчык аддзела навуковага апісання дакументаў асабістага паходжання В.Ф.Шаталава прынялі ўдзел у адкрыцці персанальнай выставы «Мікалай Байрачны. Скульптура. Да 75-годдзя майстра» у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.
Павіншаваць юбіляра прыйшлі Старшыня Беларускага саюза мастакоў А.Г.Васілеўскі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдат мастацтвазнаўства, мастак У.І.Пракапцоў, фотажурналіст Ю.С.Іваноў, калегі і сябры скульптара.
Мікалай Іванавіч Байрачны – шматгранны мастак, які працуе ў такіх галінах, як кераміка, станковая скульптура, кніжная ілюстрацыя і карыкатура.
На выставе прадстаўлены аўтабіяграфічныя работы, натхнёныя жыццёвымі гісторыямі продкаў майстра, а таксама дэталёвыя скульптуры жывёл, унікальныя па тэхніцы выканання і спалучэнні матэрыялаў – мармуру, бронзы, граніту, сталі, сердаліка і нават дрэва.
Кожная скульптура — гэта гісторыя або вобраз, які змяшчае ў сабе дадатковыя сэнсы і мастацкія асацыяцыі.
Запрашаем наведаць выставу да 25 мая 2026 года ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 24, 4 паверх, зала 3).

