30.09.2024

У межах сумеснага праекта з Рэспублікай Татарстан «Дзень у гісторыі» да Дня Настаўніка

Традыцыйна ў першую нядзелю кастрычніка ў Рэспубліцы Беларусь адзначаюць Дзень настаўніка.

У 2024 годзе ён пройдзе 6 кастрычніка. Гэта асаблівы дзень, калі з велізарнай цеплынёй мы ўспамінаем нашых настаўнікаў і ўсё лепшае, што было ў гады вучобы. У гэты дзень настаўнікі прымаюць віншаванні ад сваіх вучняў, якія дораць ім кветкі і падарункі, ладзяць канцэрты, малююць насценгазеты і плакаты. Настаўнік – гэта не толькі чалавек, які навучае новым ведам, але яшчэ і носьбіт духоўнасці і маральнага пачатку, які выконвае асаблівую грамадзянскую місію — выхоўванне маладога пакалення. Іх веды і вопыт, пераемнасць традыцый і наватарства ляжаць у аснове працы кожнай школы.

У межах сумеснага праекта з Рэспублікай Татарстан «Дзень у гісторыі» у адпаведнасці з Планам мерапрыемстваў на 2024 год ад 10.01.2024 Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ) напярэдадні святкавання Дня настаўніка прапануе азнаёміцца з дакументамі вучонага-гісторыка, даследчыка міжнацыянальных адносін, гісторыі і культуры беларускіх татараў, грамадскага і рэлігійнага дзеяча Ібрагіма Барысавіча Канапацкага.

І.Б.Канапацкі нарадзіўся ў г.п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці ў татарскай сям'і. Скончыўшы сярэднюю школу ў 1966 г., паступіў у Мінскі педагагічны інстытут (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). Атрымаўшы дыплом у 1971 г., быў накіраваны на працу ў Каменаборскую школу Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.

З 1975 г. працаваў у Беларускім педагагічным інстытуце, вучыўся ў аспірантуры. Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Удзел працоўных БССР у асваенні цалінных зямель Казахстана (1954 – 1960 гг.)». У 1978 г. ён стаў кандыдатам гістарычных навук і асістэнтам кафедры гісторыі КПСС (пазней кафедры гісторыі Беларусі гістарычнага факультэта БДПУ). Выкладаў гісторыю Беларусі і спецкурс па нацыянальна-культурнай разнастайнасці насельніцтва рэспублікі. Вёў педагагічную практыку студэнтаў гістарычнага факультэта. Ібрагім Барысавіч унёс значны ўклад у асвятленне гісторыі татарскага народа ў беларускім асяроддзі. Яму належыць шэраг кніг па гісторыі беларускіх татараў. Сярод іх – «Па законах братэрства: удзел працоўных Беларусі ў асваенні цалінных зямель» (1980), «Беларускія татары: мінулае і сучаснасць» (1993, разам з С.У. Думіным), «Рэлігія і царква» (1998, у суаўтарстве), «Гісторыя і культура беларускіх татараў» (2000, разам з А.І.Смолікам) і інш.

Адначасова з навуковай працай І.Б.Канапацкі займаўся грамадскай дзейнасцю. У 1991 г. па яго ініцыятыве створана Беларускае Грамадска-культурнае аб'яднанне татараў-мусульман «Аль – Кітаб», у 1997 г. – мусульманскае рэлігійнае аб'яднанне ў Рэспубліцы Беларусь (на працягу многіх гадоў ён быў намеснікам муфтыя і старшынёй мусульманскай абшчыны Мінска). Вялікі ўклад ён унёс у аднаўленне мячэцяў у Слоніме (1994), Смілавічах (1997), Навагрудку (1997), Відзах (1999), Клецку і Маладзечне (2000), Лоўчыцах (2002), рабіў намаганні па аднаўленні саборнай мячэці ў Мінску. У 1995 г. аказаў дапамогу ў стварэнні татарскага культурнага цэнтра ў Іўі.

І.Б.Канапацкі займаўся міжнароднай дзейнасцю. У 1999 г. у складзе дэлегацыі беларускіх татараў сустракаўся з прэзідэнтам Турэцкай Рэспублікі Паўночнага Кіпра, у 2000 г. – з прадстаўнікамі Камісіі па распрацоўцы праграм дзейнасці нацыянальных меншасцяў Кангрэса ЗША. Як міжнародны пасол свету ў 1999 г. наведаў Лівію, у 2000 г. – Чад, у 2001 г.– Ірак, у 2004 г.– Ерусалім. У 1993 г. быў дэлегатам Першага з'езду беларусаў свету, арганізаваным “Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына»”.

І.Б.Канапацкі займаўся выдавецкай працай. Быў галоўным рэдактарам часопісаў "Байрам» і «Аль-Іслам», газет «Жыццё» і «Жыццё татарскае». Быў адным з рэдактараў зборніка «Крымскія татары, 1944-1994» (1994) і «Рукапісныя і друкаваныя кнігі беларускіх татараў» (1997). Будучы адным з лідараў беларускіх мусульман, І.Б.Канапацкі трымаўся талерантных поглядаў на іншыя рэлігіі і быў актыўным прыхільнікам беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння. У 2014 г. на доме, дзе нарадзіўся навуковец, устаноўлена мемарыяльная дошка ў яго гонар.